«Словы мацней»: спявачка Зарына Шаўко чытае верш Юлі Таўбіна


У новым выпуску відэапраекта «Словы мацней» вакалістка гурта «Літы Талер» Зарына Шаўко чытае верш Юлі Таўбіна «На вуліцах — мароз і маладзік...»

Зарына Шаўко
— музыка і вакалістка гурта сярэднявечнай беларускай музыкі «Літы Талер». Гурт створаны ў 2013 годзе і займаецца рэканструкцыяй музычнай і танцавальнай традыцыі сярэднявечнай Еўропы. У рэпэртуар уваходзяць народныя і аўтарскія песні. Зарына Шаўко займаецца яшчэ і фатаграфіяй. 22 лютага імя Зарыны з’явілася ў спісах затрыманых у Лошыцы падчас раённых шпацыраў. І нават відэа, з якога вынікала, што музыка не ўдзельнічала ў акцыі, не дало рады: Зарыну ўсё адно асудзілі на 15 сутак адміністратыўнага арышту.

Юлі Таўбін
(1911-1937) — паэт і перакладчык, адзін з наймаладзейшых паэтаў-ахвяраў сталінскага тэрору. Рос у сям’і аптэкара ў Мсціславе. Там жа далучыўся да беларускага літаратурнага асяроддзя, у якое ўваходзілі Змітрок Астапенка, Аркадзь Куляшоў, Зяма Півавараў, і стаў ці не найбольш таленавітым паэтам таго асяродку. На пачатку 1930-х вучыўся ў Мінску, стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, за два гады выпусціў чатыры зборнікі вершаў. Аднак ужо ў 1933-м, у 21 год, быў арыштаваны і высланы на 2 гады ў Цюмень, паводле некаторых звестак — за ліст ад замежнай сваячкі. У Цюмені шмат займаўся перакладамі і вывучэннем замежных моў. У 1936-м арыштаваны паўторна і адпраўлены па этапе ў Мінск. Расстраляны ў «Ноч паэтаў» 29 кастрычніка 1937 года.




Крыніца: Беларускі ПЭН-цэнтр