Сястра Рамана Бандарэнкі: «Я асабіста дазволіла Барысевіч апублікаваць вынікі яго аналізаў»


23 лютага Вольга Кучарэнка зьбіраецца пацьвердзіць суду, што журналістка апублікавала інфармацыю зь яе дазволу. На закрытым судзе сёньня дапытваюць калег падсудных журналісткі Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна.

У Менску працягваецца суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. Справу ў закрытым рэжыме разглядае суд Маскоўскага раёну Менску ў будынку Дома правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. На трэцяе пасяджэньне выклікалі сьведкай стрыечную сястру загіблага Рамана Бандарэнкі.

Працэс вядзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, дзяржаўны абвінаваўца — Людміла Іваненка, Арцёма Сарокіна абараняе адвакат Вольга Бацюк, Кацярыну Барысевіч — Андрэй Мачалаў і Міхаіл Баднарчук. Працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, так на першым пасяджэньні вырашыў суд, хаця падсудныя хацелі адкрытага працэсу.

Вольга Кучарэнка перад паходам у суд расказала Свабодзе, што менавіта зьбіраецца засьведчыць на працэсе, закрытым ад публікі зь першага дня. Вольга яшчэ раз засьведчыла, што сваякі Рамана выступалі за апублікаваньне праўдзівай інфармацыі, аналіз крыві Рамана паказаў адсутнасьць у ёй алькаголю.

«Калі Рома яшчэ ляжаў у коме, цётка дазволіла мне быць свайго роду кантактнай асобай у размовах з прэсай, паведамляць пра ягоны стан здароўя. Пасьля сьмерці брата цётка ўвечары зноў пацьвердзіла свой намер, каб я перадавала журналістам інфармацыю і каб яна ні ў якім разе не ўтойвалася».

Вольга Кучарэнка яшчэ раз падкрэсьліла, што дазволіла журналістцы Кацярыне Барысевіч апублікаваць вынікі лябараторных дасьледаваньняў крыві стрыечнага брата.

Акрамя Кучарэнкі, у судзе 23 лютага сьведкамі выступяць супрацоўнікі Tut.by і доктар, які аглядаў Бандарэнку, калі той паступіў у прыёмны пакой.

Крымінальную справу на Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна завялі 19 лістапада 2020 году. Іх абвінавацілі ў выдаваньні мэдычнай тайны, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — 3 гады пазбаўленьня волі.

Аналіз крыві Рамана Бандарэнкі пры паступленьні ў шпіталь паказаў адсутнасьць алькаголю, пра гэта ж напісала і Кацярына Барысевіч. Вынікі аналізу і артыкул, які базаваўся на афіцыйных дадзеных, цалкам абверглі словы Лукашэнкі аб тым, што Бандарэнка нібыта быў п’яным.




Крыніца: Радыё Свабода