Таццяна Нядбай: Неабходна прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да праблемы беларускай мовы


21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы Беларускі ПЭН-Цэнтр нагадаў пра рэзалюцыю адносна беларускай мовы, якая была прынятая на 85 Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ў 2019 годзе.

Намесніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Таццяна Нядбай гаворыць: Калі не спрацоўваюць (або недастаткова эфектыўна спрацоўваюць) механізмы абароны мовы ўнутры краіны, неабходна прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да гэтай праблемы. Гэта стварае, з аднаго боку, своеасаблівы знешні ціск на ўлады, які змушае іх выконваць падпісаныя імі ж міжнародныя дакументы (ці прынамсі робіць менш камфортнай сітуацыю бяздзеяння). З другога боку, абуджае хвалю салідарнасці, якая дапамагае нам тут адчуць, што мы не адны, што за сценамі нашай турмы, сцены якой сёння ўтвараюць межы краіны, ёсць тыя, хто нас падтрымлівае і разумее.

Прапануем азнаёміцца з поўным тэкстам рэзалюцыі.

РЭЗАЛЮЦЫЯ АДНОСНА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе, які праходзіць у Маніле (Філіпіны) 1–5 кастрычніка 2019 г., выказвае занепакоенасць працяглай стыгматызацыяй беларускай мовы ў Беларусі, дзе ўлады ўжо амаль тры дзесяцігоддзі імкнуцца замацаваць дамінаванне расейскай мовы.

Хоць паводле Канстытуцыі Беларусі абедзве мовы – беларуская і расейская – ёсць дзяржаўнымі, улады ўвесь час цураюцца беларускай мовы. Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па-расейску. Паводле апошніх даследаванняў, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; [у краіне] няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання.

Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, – расейская; па-беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў улады Беларусі рабілі ўсё магчымае, каб маргіналізаваць незалежную літаратурную супольнасць, што спрычынілася да імклівага памяншэння ролі беларускай літаратуры ў грамадстве. Таксама ўлады трымаюць манаполію на кнігараспаўсюд у краіне і дзеюць як цэнзар, абмяжоўваючы доступ незалежнай літаратуры на паліцы кнігарняў. Незалежныя выдаўцы і кнігараспаўсюднікі рэгулярна падпадаюць пад дзеянне дзяржаўнага рэпрэсіўнага механізму: іх караюць штрафамі, забараняюць іхную дзейнасць, ім адмаўляюць у правядзенні прэзентацыяў.

Расейская мова дамінуе і ў беларускай медыйнай прасторы, якая застаецца пад дзяржаўным кантролем. «Белсат» – першы і адзіны на цяперашні момант незалежны тэлеканал у Беларусі – сёння адыгрывае вызначальную ролю ў папулярызацыі беларускай мовы і ў доступе да альтэрнатыўнай інфармацыі. У той жа час «Белсат» не можа платна прасоўваць уласны відэакантэнт на сваіх жа «YouTube»-каналах, бо «Google Ads» не падтрымлівае беларускай мовы. Гэта сур’ёзна ўплывае на эфектыўнасць спробаў пашырэння глядацкай аўдыторыі ды распаўсюду пэўнай і спраўджанай інфармацыі.

Паколькі ў апошнія гады колькасць ініцыятываў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, няспынна расце, надышоў час, каб беларуская нацыя напоўніцу карысталася ўласнымі правамі на самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці, у тым ліку і праз сваю мову.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу заклікае Беларусь
:

– дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай;

– паважаць, абараняць і выконваць права ўсіх беларускамоўных выказвацца на гэтай мове; прамаваць і распаўсюджваць беларускую літаратуру;

– гарантаваць адпаведныя магчымасці тым, хто хоча навучацца па-беларуску, у тым ліку ў вышэйшых навучальных установах;

– прымаць эфектыўныя захады дзеля спрыяння шырэйшаму ўжыванню беларускай мовы ва ўсіх сферах, у тым ліку ў культурніцкім жыцці.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клубу заклікае «Google» ды іншыя інтэрнэт-платформы
:

– прызнаць беларускую мову і забяспечыць беларусам магчымасць выказвацца і свабодна камунікаваць з прадстаўнікамі ўласных супольнасцяў ды іншымі людзьмі на беларускай мове.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя