Беларускі ПЭН-цэнтр далучаецца да заявы БАЖ і асуджае рашэнне суда па справе журналістак Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай


ГА "Беларуская асацыяцыі журналістаў" рашуча асуджае рашэнне суда па справе журналістак канала "Белсат" Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Беларускі ПЭН падтрымлівае заяву і патрабуе неадкладнага вызвалення журналістак з-пад варты.

Журналісткі Дар’я Чульцова  і Кацярына Андрэева (Бахвалава) пакараныя двума гадамі пазбаўлення волі у калоніі агульнага рэжыму. Такое рашэнне прыняла суддзя Фрунзенскага суда Мінска Наталля Бугук. Кацярына і Дар’я 15 лістапада 2020 года вялі стрым з «Плошчы пераменаў» у Мінску. Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Мы лічым прысуд палітычна матываваным, яго мэта — застрашыць усіх супрацоўнікаў медыя, каб яны не выконвалі свае прафесійныя абавязкі па асвятленню грамадска значных падзей у краіне, што па сутнасці вядзе да забароны на прафесію.

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што свабода выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязацельствамі дзяржавы (у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19).

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў”
патрабуе:

– Перагляду судовай пастановы па справе Дар’і Чульцовай і Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), журналістак канала “Белсат”;

– Вызваліць журналістак Дар’ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) з-пад варты;

– Спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.

Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць гэтыя патрабаванні.

Крыніца: Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Крыніца: Беларускі ПЭН-цэнтр