Узяў палку і пайшоў іх біць: як лагіст з Пінска стаў БЧБ-барабаншчыкам у Варшаве


Васіль Грудовік нарадзіўся і вырас у Пінску, а ў жніўні 2020 года пераехаў у Польшчу. Вымушана, пасля жорсткага замесу на пінскіх вуліцах. Вы бачылі гэтыя кадры: уночы пасля выбараў разгневаныя пратэстоўцы разабралі лаўку і б'юць дошкамі па міліцэйскіх шчытах. Васіль быў сярод шасцярых пінчукоў, якія 9 жніўня хадзілі на няўдалыя перамовы з уладамі. Ён расказаў нам, як гэта было і што было да таго.


Цяпер ён вулічны музыка ў Варшаве: яго барабанную ўстаноўку ў колерах БЧБ-сцяга рэгулярна можна ўбачыць у цэнтры польскай сталіцы. Калі мы дамаўляемся пра час інтэрв'ю, ён адказвае: "Ды пофіг вашчэ". Спыняемся на сустрэчы ў абед, каб пасля інтэрв'ю можна было паехаць на Centrum. Напярэдадні на мітынгу хлопец пазнаёміўся з музыкамі з Беларусі і сёння хоча пайграць з імі.

Жыццё ў Варшаве: "І тут да мяне падыходзяць украінцы…"


Васіль жыве ў Старым горадзе — папулярным турыстычным раёне Варшавы. Здымаць жыллё праз каранавірус тут танней, чым гэта каштавала б год таму. Але цана ўсё роўна вышэйшая за сярэднюю па горадзе.

Еўрарадыё: Чаму гэты раён?


Васіль Грудовік: Адразу пасля каранціну я схадзіў у нямецкую амбасаду, мне там сказалі, што ў Германію я паехаць не магу. Пайшоў у "Беларускі дом у Варшаве", мяне там не прынялі. Я на выхадзе з "Беларускага дома" сеў і засумаваў: "Што далей, куды ісці?" І тут да мяне падыходзяць украінцы. Дапамаглі мне знайсці працу, праца была складаная. Гэта будоўля, гэта на карачках трэба зашываць гіпсакардон на рыштаваннях, якія хістаюцца. Я жыў у хостэле ад працы. І мы з украінцамі з працы па Старым горадзе праязджалі. Я кажу: "Я тут буду жыць". Яны такія: "Ха! Ты прыкалваешся? Ніколі ты там жыць не будзеш, забі і супакойся". Але тады #BYSOL пералічыў мне за звальненне з працы, ну і я змог сюды пераехаць.

Еўрарадыё: Чаму "Беларускі дом" не прыняў?


Васіль Грудовік: Былі "напрагі" з пандэміяй. Яны сказалі, што нікога не пускаюць. Я падышоў, мне ахоўнікі гэта сказалі. Кажуць, што я магу ім на пошту напісаць сваю гісторыю. Чаго яны не прынялі — не ведаю.

Еўрарадыё: Стары горад — гэта цяга да раскошы, панты, што гэта?


Васіль Грудовік: Ды проста мне тут падабаецца. І варыянт добры трапіўся. У Варшаве можна зняць кавалерыйку [кватэра-студыя да 20 кв. м. — Еўрарадыё] за гэтыя грошы — але там не будзе так, як у мяне тут: кухня, вітальня і зала. Я магу тут і свечкамі займацца, і на барабанах граць.

Еўрарадыё: Занятак свечкамі — гэта што?


Васіль Грудовік: Хобі, якое прыехала са мной з Беларусі. Я ж два разы жанаты быў. І з першай жонкай мы думалі, чым заняцца такім, цікавым. Каб гэта прыносіла грошы. Вырашылі свечкі рабіць. Я сам зрабіў абсталяванне: тэн награвае ваду, у тубусах награваецца ад вады парафін, я потым гэта разліваю па формах.

Еўрарадыё: Гэта прыносіць грошы?


Васіль Грудовік: Гэта не прыносіць грошай столькі, колькі прыносіла ў Беларусі. У мяне ёсць тут толькі пара заказчыкаў. Пасля пераезду трэба нанова знаходзіць кліентаў, нанова ўсім гэтым займацца. А я пакуль да гэтага не дайшоў. Вось думаю з'ездзіць заўтра і даведацца што-небудзь наконт ІП. Трэба спрабаваць неяк развіваць гэту справу.
 
У войску зразумеў: нейкім глупствам па жыцці займаюся

Еўрарадыё: А захапленне барабанамі — таксама хобі?

Васіль Грудовік: Гэта ўсё з дзяцінства, з юнацтва. Я самавук, мяне заўсёды перлі барабаны. Я гіперактыўны з дзяцінства, і мне трэба стамляцца. У 16 гадоў у мяне быў гурт, мы купілі першыя барабаны. Пакуль я працаваў лагістам, я іх трохі апгрэйдзіў. Скупляў запчасткі барабанаў у розных гарадах Беларусі, адпраўляў на загрузку туды і прывозіў да сябе. Памяняў жалеза, талеркі паставіў лепшыя. Таму што першапачаткова гэта было ўсё такое таннае, савецкае, рыжская фабрыка або якая, не памятаю.

Я граў у пінскім гурце Istota і дзякуючы гэтаму палепшыў свой узровень ігры на барабанах. Мне яшчэ далёка да нармальнага ўзроўню, але трохі пайшоў наперад.

Еўрарадыё: Ну нельга сказаць, што сумна тут час праводзіш.


Васіль Грудовік: Ну так, не сумую. Але цяпер у мяне з'явіўся страх, што ўжо далей не будзе так. У мяне ніякіх цяжкасцяў з моманту пераезду не было. Паесці і з жыллём — ніякіх цяжкасцяў. Я гультаяваў увесь снежань, а цяпер вырашыў свечкі рабіць. І цяпер мне здаецца, што я на гэтым не працягну і трэба нешта рабіць далей.

Еўрарадыё: Дык як усё здарылася, чаму ты апынуўся ў Варшаве?


Васіль Грудовік: Усё цягнецца з майго юнацтва. У 16 гадоў у мяне быў свой гурт. Заўсёды паводзіў сябе крыху дзіўна: вельмі хацеў паехаць у Чарнобыль, але паехаў аўтастопам па Беларусі па сябрах. Спрабаваў займацца ў іх музыкай. Спачатку ў Мінску, потым у Лідзе. Потым мяне знайшлі бацькі і везлі дадому, а я выскачыў з машыны, застаўся шнар, цудам жывы застаўся. Бацькі пасля гэтага дазвалялі рабіць усё што пажадаеш. Вучыўся я дрэнна, быў двоечнікам. А пасля вучылішча пайшоў на будоўлю, да чувакоў, якія бухалі штодня. Я іх ненавідзеў.

Мама настаяла на тым, каб я паступіў ва ўнівер. Я паступіў у нейкі расійскі ўнівер і скончыў яго: калі сам сабе пісаў кантрольныя, калі купляў. У 2013 годзе мне ўдалося трапіць у войска, у рэзерв. Там зусім іншая кампанія, і яна мяне змяніла, я зразумеў, што нейкім глупствам па жыцці займаюся.

Але ўсё роўна працаваў у канторах, якія прадавалі крэмы для павелічэння пенісаў. Дзякуй, дарэчы, гэтай канторы, там была добрая школа: там на жорсткіх трэнінгах нас вучылі прадаваць, працаваць з пярэчаннямі.

Я чуў пра 2010 год, пра затрыманні, аднагрупнікаў адлічылі, кагосьці выгналі з інтэрната. Але я не бачыў сэнсу выходзіць і пляскаць у ладкі, што гэта мяняе? Ды і мне толькі споўнілася 18, першы раз галасаваў.

Вельмі хацеў у лагістыку трапіць, мая першая жонка працавала лагістам, мае сябры працавалі лагістамі і добра атрымлівалі. У Пінску пайшоў на АТП [аўтатранспартнае прадпрыемства. — Еўрарадыё], шмат працаваў, заставаўся на выходныя. Атрымалася дасягнуць поспеху: стаў намеснікам дырэктара. Удзельнічаў у сустрэчах, пісаў тэндары, вазіў слесараў, ездзіў па Беларусі, Украіне, Польшчы. Праца забірала па 24 гадзіны ў суткі.

Зарплата ў мяне была 500 долараў. Але ў апошнія месяцы сталі яе затрымліваць — ну і адзін партнёр мне прапанаваў адкаты. Напэўна, ён не хацеў бы, каб такое пісалася, але я хацеў бы, каб дырэктар даведаўся, што я яго на*бваў. Таму што ён мяне на*бваў.
 
Ехаў з працы дадому і выбіраў слуп


Васіль Грудовік: У 2016 годзе я першы раз ажаніўся, у 2017 годзе развёўся. У 2018-м зноў ажаніўся, у 2019-м развёўся. Я проста ўявіў сваю будучыню — праз год, праз два, праз пяць — і зразумеў, што так жыць не хачу.

У цэлым усё было добра, фірма развівалася. Я вырашыў, што хачу здзейсніць сваю мару — ганяць на матацыкле. Купіў матацыкл у крэдыт, пабудаваў альтанку. Мацаваўся, займаўся спортам. У ліпені [2020 года] я ўбачыў відэа, калі былі першыя адпоры. Я ўжо да гэтага моманту ведаў, што можна жыць лепш. Што мы дагэтуль у гэтай кончанай дупе. Добрай будучыні краіне не свеціць. Я ўяўляў прэзідэнта нашай краіны развітым чалавекам, а гэты ні бэ ні мэ, два словы звязаць не можа. Я чуў прыгожую прамову Цапкалы, класна аргументуе, усё правільна. А потым яшчэ Пракоп'еў аказаўся, я ўвогуле афігеў.

Я ўбачыў, што ў Пінску збіраюцца мікрапікеты па 15 чалавек. І я пачаў хадзіць на іх. І там я знайшоў сябе. Таму што праца апошнія паўгода мяне раздражняла. Усё дайшло да таго, што я ехаў з працы дадому і выбіраў слуп, у які ўрэжуся, каб разбіцца. Гэтыя выбары — шанц нешта памяняць. Я магу нешта рабіць, праявіць сябе неяк у выбарах, паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, ну акей, білет у будучыню. Не атрымаецца — добра, зраблю тое самае, толькі пазней.

Еўрарадыё: Ну і як? Памяняла гэта жыццё?


Васіль Грудовік: Хацелася б, каб гэта памяняла нешта ў Беларусі. Але адназначна гэта памяняла ўжо для мяне. Я заўсёды хацеў куды-небудзь пераехаць, хацелася ў Германію. У Беларусі на момант ад'езду я ўзяў участак, пачынаў заліваць падмурак, будаваць дом. Дзяцей планаваў. А тут атрымліваецца, што мая даўняя мара сама да мяне прыйшла.

Гэта дало мне магутны штуршок памяняць сваё жыццё.

Еўрарадыё: Ты задаволены тым, што цяпер з табой адбываецца?


Васіль Грудовік: Я незадаволены тым, што [насякомае. — Еўрарадыё] ва ўладзе. Але і для суму нагодаў шмат. Але калі з кожнай нагоды сумаваць, то гэта справе не дапаможа. Я сам сябе прымушаю радавацца розным рэчам, таму гэта дапамагае.

Еўрарадыё: Нярускамоўнае асяроддзе не палохае?


Васіль Грудовік: Я вучыў польскую па курсах ЕШКО, калі трэба было па працы ў транспартнай кампаніі. З англійскай ва ўніверы і ў школе было добра, магу цяпер пару фраз ляпнуць, але без практыкі цяжка.

"Адышоў, аддыхаўся, узяў палку і пайшоў іх біць"

Еўрарадыё: Ты кажаш "знайшоў сябе". Што ты рабіў у Пінску ў выбары?

Васіль Грудовік: У Пінску я дапамагаў актывістам з "Палескай дабрыні". Яны там арганізоўвалі пікет Святланы Ціханоўскай. Адзін актывіст спрабаваў выбіць дазволы для правядзення пікетаў у раённых гарадах і звярнуўся да мяне з тым, каб я арганізаваў музычнае суправаджэнне. На такім пікеце я ўпершыню ўбачыў, колькі людзей супраць. Мы прыехалі на пікет у Брэст, я ўбачыў, якія маштабы там. Я ўбачыў зашуганых даішнікаў і зразумеў, што яны самі тады былі не супраць.

Я вырашыў, што да 9 жніўня я падрыхтуюся, каб не быць затрыманым, а каб даць здачы і адпор. Я натачыў коп'і з арматуры. Нарэзаў анучак, сабраў бутэлькі шкляныя. Усё гэта паклаў у багажніку, падрыхтаваўся так, што калі трэба, то будзем адбівацца. Я ўсё ж не радыкал, я не хачу ісці і херачыць. А я гэта зрабіў, каб абараніць сваё жыццё. Можна лічыць мяне вар'ятам, але, калі ласка, лічыце.

Я паставіў машыну не так далёка і пайшоў да гарвыканкама. Там мы некалькі гадзін размаўлялі. Мая ідэя была ў тым, што мы зойдзем у гарвыканкам і будзем прысутнічаць пры падліку, каб усё было справядліва.

Каравякоўскі [палкоўнік Дзмітрый Каравякоўскі, начальнік Пінскага ГАУС. — Еўрарадыё] так і сказаў: "Выберыце пяць чалавек, мы іх завядзём". Нас выйшла шэсць. Я баяўся, што калі нас правядуць праз шчыты, то мы не вернемся. Я так і сказаў: "Калі мы праз паўгадзіны не вернемся, то пачынайце". Што пачынаць, я не ўдакладняў — але ўсе зразумелі. І вось нас завялі, потым Каравякоўскі гаворыць з кімсьці па тэлефоне. У выніку да нас спусціўся дзядзька з гарвыканкама і паказаў выніковы пратакол — 80 з чымсьці адсоткаў за Лукашэнку.

Еўрарадыё: Чаму ты з'ехаў з Пінска?


Васіль Грудовік: Ён чамусьці падумаў, што я галоўны. Мы з ім калі ішлі да гарвыканкама. І калі мы ішлі, то я казаў, што нас не атрымаецца падмануць гэтым разам, калі нешта пойдзе не так: "Я пра гэта паклапачуся, каб так здарылася". А ён такі пытаўся: "Гэта ты? Гэта ты скажаш, каб яны пачалі біцца?" Мне не хацелася браць на сябе ролю адказнага. Але калі натоўп стаяў, я звяртаўся да міліцыянераў, запускаў такую інфу, што ў Кобрыне, маўляў, міліцыянеры склалі шчыты. У Баранавічах. І я ўжо проста пачаў хадзіць, углядацца ім у вочы і казаць: "Хлопцы, давайце, пераходзьце на бок народа, заўтра вас чакае новае жыццё", "Паедзеш з жонкай у Італію, у адпачынак, новыя рабочыя месцы гатовыя". Потым Каравякоўскі даў каманду нас акружаць, нас адштурхоўвалі назад. Я зразумеў, што нельга ўцякаць. Падышоў да іх, яны ўжылі газ. Я адышоў, аддыхаўся, узяў палку і пайшоў іх біць.

Потым пайшоў забіраць машыну. Злавіў спадарожную, убачыў, што каля машыны шмат міліцыі. І думаў, што ўсё. Праз час машына нідзе не засвяцілася, і мая арматура таксама. Потым спадарожнымі дабраўся да дома. Спрабаваў мінакоў неяк падштурхнуць на дзеянні, але ніхто не быў так радыкальна настроены, усе казалі, што я правакатар: "Мы цябе, б*****, зараз скруцім".

Калі б тады ўсё было па-іншаму, то не так зацягнулася б, як цяпер усё. Я, на жаль, не аказаўся маленькай іскрай, якая можа распаліць агонь. Мне здавалася, што раз мы пачалі, то трэба ісці да канца.

На наступны дзень мяне папярэдзілі: "Вася, тэрмінова з'язджай". Я і паехаў да мяжы. Ехаў некалькі дзён па лясных дарогах да Украіны. Матацыкл, дарэчы, застаўся на штрафстаянцы. У мяне яго незадоўга да выбараў забралі за язду без правоў. Я кажу, не буду плаціць штраф, давайце суткі. Але перад выбарамі нікому не давалі суткі. А пасля выбараў мяне б дакладна затрымалі і раскруцілі па поўнай.

Еўрарадыё: Пераасэнсаваў тое, што адбылося?


Васіль Грудовік: Цяпер я бачу, што міліцыянеры былі вельмі жорсткія. І трэба было адказваць жорстка. Адзін дзень — і ўжо позна. І цяпер мяне ў Беларусі чакае турма.

Першы тыдзень ва Украіне я праседзеў у тэлефоне. Вельмі хацелася дадому. Мы пазнаёміліся з музыкам, і я пачаў займацца вулічнай музыкай. Але гэта было не тое, што мне трэба: гэты хлопец траціў шмат грошай на алкаголь. Але я ў Жытоміры пайграў, у Кіеве тры тыдні пайграў, потым падаў дакументы на гуманітарную візу і апынуўся тут. За пару дзён зарабіў сабе на страхоўку і заправіць машыну. І прыехаў сюды.

Вельмі моцна сумую па сябрах. Я часта думаю, чаго мне не хапае — сяброў. Я б з лёгкасцю мог патусавацца зараз, паклікаць іх. Я іх і клічу, але яны не едуць: візу трэба рабіць.

У планах прыехаць у Беларусь праз 10 гадоў з сотнямі тысяч долараў

Еўрарадыё: Што адбываецца з табой цяпер?

Васіль Грудовік: Цяпер я думаю, што рабіць далей. Але ў мяне характар прабіўны. І ў мяне няма дарогі назад — трэба неяк выкручвацца. У планах прыехаць у Беларусь праз дзесяць гадоў з сотнямі тысяч долараў і ствараць сваё прадпрыемства.

Еўрарадыё: Але вулічнымі барабанамі столькі не заробіш.


Васіль Грудовік: Усё так. Але я думаю, што рабіць далей. Вось заказаў на апошнія грошы электронныя барабаны. Апгрэйд, якому буду вучыцца і неяк далей развіваць.

Еўрарадыё: Чаму ты вырашыў размясціць на барабанах БЧБ?


Васіль Грудовік: Таму што гэта мая падтрымка Беларусі як мінімум. Ну і мяне пазнаюць. Я іграю на вуліцы беларускіх выканаўцаў: РСП, Вольскага, беларускія пратэставыя песні.

Еўрарадыё: Колькі ты цяпер зарабляеш на вуліцы?


Васіль Грудовік: Праз святы і каранцін атрымліваецца па-рознаму. Я выходжу не кожны дзень, як атрымаецца. Я тут пачаў асобна збіраць грошы ў скарбонку. І знайшоў залежнасць: чым больш у мяне дробных манет дома, тым больш грошай мне аддаюць на вуліцы. Пачалі пяцёркі, двойкі кідаць, купюры.

Еўрарадыё: Якія планы далей?


Васіль Грудовік: Цяпер я рускі і жыву сярод палякаў, я тут сапраўды чужы. Але я не збіраюся ўсё жыццё быць вулічным музыкам. Вось вельмі хутка пачнецца вучоба, у мяне цяпер вакацыі. А там далей нешта ды будзе. Сёння вось паеду пайграю. Там святы далей, буду глядзець па сітуацыі. Звычайна я выходжу з пяці да сямі на вуліцу барабаніць, у пятніцу, суботу і нядзелю.

Еўрарадыё: О, хутка пяць, можна паехаць з табой, паглядзець?

Васіль Грудовік: Так, якраз дапаможаш мне данесці абсталяванне.

 
Bonus: вулічныя барабаны

Машына ў Васіля — Volkswagen Golf. Ён ездзіць на ёй ужо некалькі гадоў. Пакуль ідзём да яе, расказвае, што яна старая і адбірае шмат грошай. Ісці ад дома да машыны — паўгадзіны: "Я стаўлю яе там, таму што бясплатна. Гэта мінус Старога горада. Часам стаўлю машыну на ноч бліжэй да дома, але раніцай рана ўстаю і пераганяю далей".

Па дарозе Васіль разважае, што валодаць аўтамабілем у Еўропе дорага, але ён не можа ад яго пазбавіцца: "А як я буду перавозіць барабаны?" Калі мы праходзім яркую карусель, Васіль кажа, што гэта плюс месцазнаходжання яго дома: бывае сумна, можна выйсці сюды, пакатацца на каруселі, супакоіцца.

Па прыездзе на Centrum хлопец заганяе машыну на платную паркоўку, пераносіць да перахода абсталяванне і пачынае граць. Тыя самыя хлопцы, з якімі ён хацеў пайграць, ужо некалькі гадзін тут. Кажуць, на дваіх сабралі 200 злотых.

За дзве гадзіны вакол Васіля круцяцца бяздомныя і "гарадскія вар'яты". Падкідваюць грошай, частуюць гарбатай і цыгарэтамі. Пасля таго як Васіль дайграе апошнюю песню, ён рэзка пачынае збірацца і кажа: "У мяне цяпер поўная трывога. Трэба нешта тэрмінова рабіць. Калі я так далей буду дзейнічаць — то не працягну далей". Сёння ён зарабіў 30 злотых — гэта 20 рублёў.
Крыніца: Еўрарадыё