- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На празаічны, як шэрае грубае палатно, фон рука паэта, адукаванага філёлага, знарок нязграбна і абыякава або пасьпешліва шпурляе яскравыя мазкі мэтафар ці асацыятыўных параўнаньняў. Так азартны прадавец рассыпае брыльянты на чорным моршчаным бархаце, каб зьдзівіць і ашаламіць пакупніц. Спантаннасьць выяўленьня абвостраных пачуцьцяў чалавека, які чамусьці перанатужыў сваю эмацыянальнасьць, і яна ўжо не вяртаецца да колішніх нармальных дыяпазонаў, — характэрны калярыт лірыкі Купрэева. Ён сутыкае на сьцежках быцьця паэзію і прозу, красу і брыдоту, цнатлівасьць і бруд. Прытым гэтыя сутыкненьні часам такія рызыкоўныя, што ў душы зьяўляюцца дысануючыя рэакцыі, якія пагашаюць адна другую, пакідаючы адчуваньне зьбянтэжанасьці і патрэбу ў ахоўных рэакцыях: густ хоча пратэставаць супраць бесцырымонных выпрабаваньняў.