«Не сьпяшайцеся хаваць грамадзянскую супольнасьць». Дыскусія экспэртаў
2021-07-14 21:45
У чым прычына і якая мэта сёньняшняй маштабнай атакі на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці? У якой ступені гэта зьвязана з заходнімі санкцыямі? Ці ёсьць у гэтым пагроме «расейскі сьлед»? Што вырасьце на выпаленым полі грамадзянскай супольнасьці?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў Праскім акцэнце адказваюць палітолягі Ігар Тышкевіч і Тацяна Чуліцкая.
Тышкевіч
Аўдыторыяй мясцовых СМІ, якія трапілі пад удар раней, былі ня толькі «ядро пратэсту», але і «балота».
Ва ўлады мэты: ляялістаў падтрымаць, апанэнтаў — заткнуць у іх рэзэрвацыі, а «балота» пераканаць, што альтэрнатыва горшая за існую ўладу.
І спрабуюць адсекчы любую камунікацыю паміж «ядром пратэсту» і «абыякавымі».
Калі паглядзець мапы самых буйных пратэстаў летась у рэгіёнах — яны супадаюць з мапай, дзе быў незалежны папяровы мясцовы друк.
Цяпер Tut.by i НН выціскаюць у Тэлеграм. Паглядзіце сярэднюю і мэдыяльную аўдыторыю Тэлеграму — гэта 500-600 тысячаў.
Гэта рэзэрвацыя пратэстных настрояў.
Рэпрэсіі не вырашаюць праблему глябальна, але яны даюць дзесьці паўгода, калі ўлада будзе дамінаваць у інфармацыйнай прасторы.
У найбліжэйшы час Лукашэнка прадставіць свой праект Канстытуцыі з наступным рэфэрэндумам па ёй.
Яму важна зачысьціць грамадзкую прастору ад усіх суб’ектаў, якія могуць альбо выступіць са сваімі прапановамі ў легальным полі альбо сэнсоўна скрытыкаваць праект.
Для гэтага і грамяць грамадзкія арганізацыі.
Палітычны крызіс у Беларусі пачаўся значна раней за 2020 год, бо зьмянілася грамадзтва і зьмяніўся бізнэс.
У нас крызіс пачаўся ў 2018 годзе.
У «мірны» час старое і новае маглі б суіснаваць.
У актыўнай фазе ва ўзаемаадносінах з Захадам ніводны з бакоў ня можа адступіць. Краіны ЭЗ ня могуць вярнуцца да Realpolitik, іх не зразумеюць іх выбарнікі і іх мэдыя.
Яны будуць узмацняць санкцыйны ціск незалежна ад таго, што будзе адбывацца ў Беларусі.
Аўтарытарная сыстэма так збудаваная, што ня можа дазволіць сабе слабіну, «Акела» ня можа «прамахнуцца».
І пакуль не адбудзецца нейкай значнай, вялікай падзеі, кшталту электаральнай кампаніі, зьменаў у гэтай лёгіцы ня будзе.
Пасьля рэфэрэндуму аб Канстытуцыі ўлады могуць пачаць гандлявацца з ЭЗ, што ім будзе за тое, што яны кагосьці вызваляць.
Цяпер абодва бакі ідуць шляхам эскаляцыі.
Мэдыйнае поле фізычна немагчыма зачысьціць.
І адносна СМІ, і адносна грамадзянскай супольнасьці я катэгарычна нязгодны з тэзай пра выпаленую зямлю.
Прадзяржаўныя «недзяржаўныя» арганізацыі альбо доўга не жывуць альбо на іх ідзе вельмі шмат грошай, а эфэкт вельмі нізкі.
Што яны могуць зрабіць — дык гэта нагнаць страху.
Прычына крызісу — у тым, што грамадзтва стала складаным, прыйшло ў супярэчнасьць з архаічнай сыстэмай улады.
І гэтая складанасьць занадта вялікая, каб атрымалася спрасьціць грамадзтва.
«Ядро пратэсту» — гэта мільён чалавек. Немагчыма ў Беларусі зачысьціць мільён чалавек.
Чуліцкая
Мы памятаем заяву Макея, што калі санкцыі будуць узмацняцца, улада зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць.
Я б разглядала гэта, як помсту Захаду за палітыку санкцыяў, непрызнаньня Лукашэнкі, падтрымкі Ціханоўскай і іншых палітычных субʼектаў.
Нават тая грамадзянская супольнасьць, якая заўсёды казала, што яна па-за палітыкай, выбудоўвае дэмакратычную культуру, культуру ўдзелу.
І гэта ўладай разглядаецца як рэч шкодная.
Удзельнікі гэтых арганізацыяў прызвычайваюцца да таго, што ад іх нешта залежыць.
Летась у камандах і Бабарыкі, і Ціханоўскай мы бачылі шмат людзей, якія былі задзейнічаныя, скажам, у культурных ці ўрбаністычных ініцыятывах.
Зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці — гэта зьнішчэньне культуры ўдзелу.
Ціск ніколі ня быў моцным бокам Эўразьвязу, ён заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць «мяккую сілу».
На прыкладзе Беларусі ЭЗ спрабуе паказаць сябе як гульца, які можа гуляць па высокіх стаўках.
Захад можа зараз з большым задавальненьнем змагаўся б з Расеяй.
Але выпадак Беларусі — гэта будзе прыклад, калі ЭЗ паспрабуе згуляць «па-буйному», паглядзець, што атрымаецца з палітыкі жорсткіх санкцыяў.
Некаму нарэшце давядзецца адступаць, але я не ўпэўненая, што першым адступіць Захад.
Рэпрэсіі — гэта даволі дарагі занятак. Невядома, колькі часу будзе хапаць на іх рэсурсаў.
У Беларусі заўсёды быў ціск на грамадзянскую супольнасьць, былі пэрыяды, калі ён быў больш моцны, былі — калі менш моцны.
І для Пуціна, і для Лукашэнкі грамадзкія арганізацыі, неяк зьвязаныя з Захадам — яны па вызначэньні шкодныя.
Калі глядзець на спробы стварыць ляяльную грамадзянскую супольнасьць, то варта паглядзець, колькі ўлады ўжо выдаткавалі на БРСМ, Саюз жанчын, «Белую Русь».
Ці можам мы лічыць гэтыя праекты пасьпяховымі?
А наконт пэрспэктываў грамадзянскай супольнасьці — не сьпяшайцеся нас хаваць.
Я не магу не згадаць сваіх зьняволеных калегаў Тацяну Кузіну і Валерыю Касьцюгову.
Грамадзянскую супольнасьць цалкам ня зьнішчаць.
Што было раней
Раніцай 14 ліпеня сілавікі прыйшлі зь ператрусам да праваабаронцаў і ў іншыя няўрадавыя арганізацыі. Вядома пра затрыманьне больш, чым дзясятка чалавек.
Агулам ператрусы праходзілі як мінімум у 19 арганізацыях.
Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага затрымалі ў рамках крымінальнай справы.
«Вясна» адказала на ператрусы і затрыманьні: «Мы ня спынім сваёй праваабарончай дзейнасьці».
Учора падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ворагі яго ўлады «перайшлі да індывідуальнага тэрору», маючы на ўвазе распаўсюджаныя дзяржаўнымі СМІ гісторыі пра напады на тэлевядоўцу Рыгора Азаронка і на дом палітыка Алега Гайдукевіча.
«Мы вельмі актыўна цяпер пачалі працу па ўсіх гэтых НКА, НДА, так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, — а фактычна накідалі — і не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор», — сказаў Лукашэнка.
«Мы ня можам інакш, таму што гэтыя мярзотныя паўтары тысячы НКА, — аж паўтары тысячы, аказваецца, розных там фондаў, яны фінансаваліся звонку, а мы ўсё думаем: ну добра, дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, давайце будзем супрацоўнічаць, ну вось і атрымалі адпаведны вынік», — заявіў ён.