- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускае пытанне ў Радзе Еўропы Тэма Беларусі на мінулым тыдні ў Страсбуры падчас сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ўздымалася амаль кожны дзень. Не абышла ўвагай нашу краіну і Ангела Меркель, бундэс-канцлер Германіі, адказваючы на пытанне галандскага парламентара наконт таго, як будаваць адносіны з Беларуссю і як дапамагаць рэпрэсаваным у краіне. Спадарыня Меркель выказалася ў падтрымку дэмакратычнай апазіцыі і ўсіх палітзняволеных. Ад імя Хрысціянска- дэмакратычнага саюзу, партыі, да якой яна сама належыць, кіраўнік дзяржавы звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам надаваць больш пільную ўвагу сітуацыі ў Беларусі і рабіць усё магчымае, каб тыя, хто знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах, не адчувалі сябе забытымі, а ведалі, што маюць міжнародную падтрымку. На тэму палітзняволеных выказаўся таксама Вярхоўны камісар па правах чалавека, Томас Хамарберг (Швецыя). На яго думку, трэба спрабаваць будаваць адносіны з Беларуссю з надзеяй, што ў будучыні сітуцыя палепшыцца, і краіна далучыцца да Рады Еўропы. Камісар выказаў занепакоенасць дрэннымі ўмовамі ўтрымання людзей у беларускіх вязніцах і паабяцаў разгледзець прапанову некаторых парламентароў абмеркаваць з афіцыйным Мінскам магчымы візіт Камісіі па папярэджанні катаванняў (Commission on Prevention of Tоrture) у Беларусь. Па яго словах, офіс камісара мае кантакты з беларускімі праваабаронцамі, але дагэтуль яшчэ не дастаткова было зроблена, каб дапамагчы палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.