- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Бруселі пачаліся імпрэзы, прысвечаныя гадавіне сакавіцкіх падзеяў у цэнтры Менску. У рамках мерапрыемстваў – выстава менскіх фатографаў, якія здымалі леташнія падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, прагляд фільму рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Учора ўвечары ў кавярні Grand Prix Bar адбыўся паказ спектакляў “Свабоднага тэатру” пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна. Grand Prix Bar, што ў цэнтры бельгійскай сталіцы, мае рэпутацыю добрай і да таго ж вельмі дэмакратычнай рэстарацыі. Таксама ён вабіць брусельцаў сваімі імпрэзамі. Тут праводзяцца канцэрты, выставы. Учорашнія наведнікі Grand Prix Bar прыйшлі ў кавярню, каб паглядзець спектаклі менскага Свабоднага тэатру “Быць Гаральдам Пінтэрам” і “Пакаленне джынс”, паведамляе “Радыё Свабода”. Словы “Я свабодны!” -- лейтматыў “Пакалення джынс”. Аўтар п’есы Мікалай Халезін прысвяціў яе тым, хто, незалежна ад узросту, апранаецца ў джынсы, аддае перавагу рок-музыцы і закаханы ў свабоду.