Наталля Васілевіч: Архепіскап Арцемій быў гатовы ісці на ахвяры
2023-04-24 15:10
У нашым эфіры пабывала Наталля Васілевіч: тэолаг, палітолаг, і прадстаўніца ініцыятывы „Хрысціянская візія”.
РР: Нагода для размовы сумная. Уначы на 2 красавіка адышоў ад нас Архіепіскап Арцемій, яго прозвішча Кішчанка, які фактычна кіраваў Гарадзенскай Епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы вельмі працяглы час: з 1996 па 2021 год. Зараз у Гародні адбываецца развітанне з ім. Яго таксама ўзгадалі на канферэнцыі беларусаў свету ў Вільні, і ўшанавалі хвілінай маўчання. Канкрэтна для Вас, Наталля, кім з’яўлялася гэтая постаць, і ці чакалі вы таго, што зрабіў Архіепіскап Арцемій у 2020 годзе, калі назваў зло злом, выступіўшы супраць гвалту сілавікоў, а пазней і супраць расейскай агрэсіі?
– Я вельмі шаную Уладыку Арцемія, ён быў Лідарам, але і сябрам. Я ведаю яго з пачатку 2000-ых, калі ён быў кіраўніком моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Я тады была ў моладзевым брацтве, і ў такім кантэксце мы з ім і сустрэліся. Заўсёды з ім было вельмі прыемна, ён быў уважлівы, любіў жартаваць, неяк падняць настрой. І я, канешне, чакала таго, што ён зробіць, бо ён ніколі не хаваў сваю пазіцыю, ён заўсёды адстойваў хрысціянскія прынцыпы, праўду. Для яго гэта было вельмі важна, ён не баяўся. Таму тое, што ён зрабіў у 2020 годзе не было ніякім сюрпрызам. Гэта было ў кантэксце таго, якім ён быў заўсёды і той дзейнасці, якую ён заўсёды вёў. Таму ягонае слова мела значны ўплыў. Галоўнае, што мела ўплыў гэта тое, што ён падтрымліваў сваіх святароў, якія пераследаваліся. Гэта ў сваю чаргу дазволіла ім быць больш вольнымі і выказваць сваю пазіцыю і не баяцца. Таму што безумоўна, многія святары маюць пэўную пазіцыю па грамадскіх і палітычных пытаннях і хацелі выказацца. А калі ціск адбываецца і з боку Дзяржавы і з боку свайго начальства, то канешне, святару вельмі цяжка ісці на такія «контры» па ўсіх кірунках. Але калі царкоўнае начальства падтрымлівае, то безумоўна гэта вялікі рэсурс, вялікая дапамога. Чалавек ведае, што не застаецца адзін, і таму ён можа быць больш смелым.
РР: Але ў дадзеным выпадку гэта было для яго траўмай відавочна. Я глядзеў адное інтэрвʼю, з апошніх магчыма. Ён кажа, што гэта было балюча, калі сінод БПЦ прагаласаваў за тое, каб пазбавіць яго кіравання епархіяй. Ці быў ён гатовы да такога?
– З аднаго боку быў гатовы, бо ён гатовы быў ісці на ахвяры, і не выключаў, што можа нешта адбыцца: яго кінуць у турму, і нешта падобнае. Але ён не чакаў ад сваіх братоў такога.
Беларускае Радыё Рацыя