У Польшчы няўхільна пашыраецца беларуская прысутнасць. Дзясяткі тысяч беларусаў за апошнія два гады выехала ў суседнюю краіну. І гэты працэс рэлакацыі не спыняецца. Беларусы спрабуюць не толькі матэрыяльна ўладкаваць тут сваё жыццё, але і культурна, і духоўна. Беларускія выдаўцы, напрыклад, сведчаць, што ў Польшчы значна павысілася цікавасць да беларускай кнігі. Гэта выразна паказваюць продажы беларускай кнігі на польскіх кніжных кірмашах.Пра сучасную беларускую прысутнасць і пра беларускую кнігу ў Польшчы з літаратаркай і перакладчыцай
Наталляй Русецкай паразмаўляў
Алесь Аркуш.
РР: Вы ўжо даўно жывяце ў Польшчы і можаце параўнаць тую беларускую прысутнасць, якая ў Польшчы, тую беларускую літаратуру, якая тут выдаецца і пішацца. Што маглі б на гэты конт сказаць?
Наталля Русецкая: З маіх назіранняў, якімі магу падзяліцца, гэта заўсёдны ўсплёск цікавасці да Беларусі, да беларускай літаратуры ў год чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Так адбывалася заўсёды. Узнікалі розныя ініцыятывы, таварыствы, цікавіліся польскія выдаўцы, замаўлялі пераклады. У сярэднім за год выходзіла ў перакладах на польскую мову 3-4 у лепшыя гады 6-8 пазіцый беларускай літаратуры. Гэта ў першую чаргу актыўнасць мясцовых польскіх беларусаў і іхнія таварыствы і выдавецтвы, гэта таксама ініцыятывы, скіраваныя на Усход, якія займаюцца выданнем літаратуры рускай, украінскай, беларускай. Гэта ініцыятывы, якія так ці інакш звязаны з дзейнасцю незалежных беларускіх творцаў. І зараз я не бачу, каб нешта асабліва змянілася ў гэтым плане. Менавіта на кніжным польскім рынку. Адзіная змена, якая адбылася пасля 2020 года, гэта тое, што стала больш прысутнай беларускай літаратуры па-беларуску, якая прысутнічае на кніжных кірмашах, на розных іншых культурных мерапрыемствах, і яна пачала выдавацца ў Польшчы. Мы ўсе ведаем пра забарону дзейнасці многіх незалежных выдавецтваў у Беларусі, таму можна сказаць працэс натуральны ў такой ненатуральнай сітуацыі. А з такіх ініцыятываў, якія існавалі і раней, гэта беластоцкі асяродак «Нівы», гэта дзейнасць беластоцкага таварыства «Суседзі» і гэта выданні, якія адбываліся ў рамках дзейнасці таварыства «Белавежа», яны выдавалі па-беларуску (акрамя «Суседзяў», яны выдавалі па-польску. Рэд.) кніжкі беларускіх аўтараў. І многія з гэтых кніжак траплялі на беларускі рынак у Беларусь.
РР: А як вы думаеце, ці істотна зараз зменіцца гэтая сітуацыя? Таму што беларускія выдаўцы прыехалі ў Польшчу не проста так, яны рэгіструюць выдавецтва за выдавецтвам. Янушкевіч зарэгістраваў, «Гутэнберг» нядаўна таксама. Яны ж будуць дзейнічаць. Як гэта зменіцца зараз?
Наталля Русецкая: Зменіцца што?
РР: Зменіцца беларуская прысутнасць у Польшчы.
Наталля Русецкая: Скажам так, гэтая наша прысутнасць відочная больш для нас. То бок, палякі не зацікавяцца беларускай літаратурай на беларускай мове. Для нас гэта, безумоўна, добра, што такія выдавецтвы рэгіструюцца і пачынаюць сваю дзейнасць. Адзіная мая гарачая просьба да беларускіх выдаўцоў – не абніжаць узровень. Трапіўшы ў польскую культурную прастору, назіраць за тым, на якім узроўні выдаюцца кнігі для дзяцей, для падлеткаў, для дарослых, і пераймаць досвед. Абавязкова працаваць з рэдактарамі. Гэта мой адвечны боль. Я пра гэта ўвесь час кажу, што нашыя кніжкі з добрай рэдактурай мелі б куды большы поспех. Такі магу прывесці прыклад, калі чытаю кнігу па-беларуску, потым чытаю польскі пераклад, і польскі пераклад атрымліваецца на ўзровень вышэй за кошт якасці тэксту. Таму што працуюць добрыя рэдактары, выдавецтвы адчуваюць сваю адказнасць за якасць прадукту.
Цалкам размова.
Беларускае Радыё Рацыя