Беларуская тэатральная студыя для дзяцей і дарослых у Варшаве “Купалінка” хутка завершыць сезон. Студыя “Купалінка” з’явілася ў верасні 2020-га. Цяпер у калектыве займаецца каля 60 чалавек розных узростаў.
Якія вынікі падводзіць ініцыятыва? Як адзначыць падзею? Пра гэта і не толькі нашаму радыё распавяла Госця Рацыі, кіраўніца студыі Наталля Локіць. З ёй размаўляла наша карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Наталля Локіць: 5 чэрвеня ў нас будзе такая чатырохгадовая справаздача, мы будзем паказваць тры спектаклі. Гэтыя спектаклі тычацца розных узроставых груп – ад самых маленькіх “светлячкоў” да самых дарослых “агмянёў”, І гэта будуць тры спектаклі, і канферанс таксама будзе дадзены дзецям. Тыя дзеці, якія не трапілі ні ў адзін спектакль, таму што прыйшлі пазней, чым астатнія дзеці, але мы вырашылі, што трэба паказваць усіх. І калі трэба паказваць усіх, то яны будуць весці якраз канферанс, гэта група “Кветачкі”.
РР: Паколькі гэта тры пастаноўкі, то пра якую працягласць мы размаўляем?
Наталля Локіць: Тры пастаноўкі, і першы спектакль будзе цягам дваццаці пяці хвілін, а другі прыкладна 35-40. І трэці спектакль таксама 40-45 хвілінаў. Такая працягласць і невялічкія перапынкі, зразумела, для таго, каб памяняць дэкарацыі, даць гледачам адпачыць. Таму пачынаем а сямнаццатай гадзіне і, спадзяюся, што а палове дзявятай вечара мы закончым.
РР: Распавядзіце пра саму тэматыку пастановак, як яны былі, на падставе чаго аб’яднаныя?
Наталля Локіць: Тэматыка розная. Па-першае, зразумела, гэта беларускамоўныя нашы творы, п’есы. Першая п’еса нашага ўлюбёнага Сяргея Кавалёва, раю менавіта ўсім прыйсці на гэтую пастаноўку, таму што гэта прэм’ера яго п’есы, яна яшчэ ніколі нікім не ставілася. Яна была напісаная ў 2020 годзе Сяргеем Кавалёвым. Ён, на жаль, не можа прыехаць, таму што ў яго лекцыі ў Нямеччыне якраз у гэты час, але ён нам пажадаў ужо, каб мы добра выступілі і сказаў, што калі будзе яшчэ раз, то абавязкова будзе разам з намі. Гэта яго п’еса “Сляза волата”, і тэматыка ў яе спрэчная, што нашы слёзы могуць быць чыйсьці радасцю, ці радасць можа быць і чыімсьці слязьмі. Мы яе так дакладней абыгралі, каб гледачы зразумелі канцэпт гэтага спектакля.
Другі спектакль называецца “Кветкі пад залевай” Ігара Сідарука. У ім бяруць удзел дзеці 9-12 гадоў, Па-мойму, самая такая наша беларуская тэма, што кветкі, якія зрэзалі, але пакінулі карані там, у зямлі, яны ўсё роўна прарастуць.
А трэці спектакль называецца “Мой шлях”. Гэта дакументальны спектакль, які паставіла Марына Якубовіч, а яна зараз з’ехала. Гэта была цікавая праца, таму што гэта была праца онлайн, яна зараз у Вене, яна падключалася анлайн і працавала з нашымі дарослымі акцёрамі і з нашай моладдзю, падлеткамі, якія расказвалі шлях сваёй міграцыі: нехта – з Украіны, нехта – з Беларусі, у кожнага свой шлях.
Гэта вельмі такі балючы спектакль, але ён быў вельмі важным для саміх акцёраў, таму што яны пазакрывалі свае гештальты, якія яны не закрывалі і не маглі гэта зрабіць. Мне так здаецца, што ён вельмі ўплывова падзейнічаў на падлеткаў. Падлеткі – гэта людзі, якія вельмі ярка адчуваюць. Дарослыя, калі яны пераязджаюць сюды, думаюць, што яны ўжо дарослыя і не звяртаюць на іх увагі, і яны не моцна дакучаюць бацькам са сваімі праблемамі. Яны ж бачаць, як бацькі цяжка працуюць. І яны не выгаварылі і не выплакалі свае гэтыя эмоцыі. І тут, на сцэнічнай пляцоўцы, па-першае яны гэта напісалі, па-другое, прайгралі на рэпетыцыях, і зараз яны гэта паказваюць на сцэне.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя