Насуперак цэнзуры – новая кніга ад Камуніката
2025-01-05 18:00
Сёння мы аддалі ў друк чарговую кнігу Васіля Быкава з аповесцямі «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі».
Гэта адны з найбольш драматычных твораў Васіля Быкава. Драматычных не толькі па змесце, але і па лёсе. Калі аповесць «Мёртвым не баліць» знаходзілася пад забаронай амаль дваццаць гадоў, то «Ліквідацыі» (аўтарская назва «Сотнікава») пашанцавала больш: гэты твор, упершыню апублікаваны ў 1970 г., не быў забаронены. Аднак абедзве аповесці яднае тое, што спазналі амаль усе буйныя рэчы пісьменніка перыяду 1960-х — пачатку 1980-х гг. (уключаючы «Знак бяды»), — яны былі выдатна знаёмыя з усюдыіснай савецкай цэнзарай. Так, калі ў «Ліквідацыі» менавіта з цэнзурных меркаванняў было зроблена блізу ста купюр, то ў «Мёртвым не баліць» — удвая больш. Гэтыя суадносіны зразумелыя: першы твор памерам меншы за другі. Але пра ўсё па парадку.
«Мёртвым не баліць» — адна з найбольш аўтабіяграфічных аповесцей Васіля Быкава. У падмурку сюжэта раненне пісьменніка ва ўкраінскім стэпе пад Кіраваградам (цяпер горад Крапіўніцкі) у студзені 1944-га, калі яго ледзь не пераехаў варожы танк. Гэта таму сям’я атрымала пахаронку пра гібель камандзіра ўзвода лейтэнанта Быкава. Яго імя назаўжды засталося ў «Імянным спісе беззваротных страт асабовага саставу 399-га стралковага палка 111 стралковай дывізіі» і яшчэ доўга пасля вайны было пазначана на абеліску, што быў узведзены ва ўкраінскім сяле Вялікая Севярынка ў гонар загінулых.
Упершыню аповесць была надрукавана ў часопісе «Маладосць», галоўным рэдактарам якога быў вядомы паэт Пімен Панчанка. Працуючы над ёй, аўтар улічыў сумны досвед публікацыі ранейшых сваіх рэчаў (калі, як у аповесці «Пастка», па патрабаванні цэнзуры давялося перапісаць фінал) і таму штосьці цяпер прыхаваў-закамуфляваў. Да прыкладу, змяніў пасаду злавеснага асабіста Сахно: у чыставой версіі ён — штабны афіцэр, у чарнавым варыянце — упаўнаважаны СМЕРШа. Больш за тое, СМЕРШ быў выкраслены ў чарнавіках неаднойчы.
…Аповесць «Мёртвым не баліць» выйшла толькі ў 1982 г., дый тое — дзякуючы смеласці дырэктара «Мастацкай літаратуры» Міхала Дубянецкага і пасля чарады галоўлітаўскіх і цэкоўскіх забарон. Твор (трэба сказаць, дадаткова скалечаны цэнзурай) было дазволена друкаваць адразу пасля таго, як сканаў злавесны ідэолаг Суслаў — яны таксама не вечныя.
І тут дарэчы згадаць матывацыю ўзнікнення глыбіннай ідэі твора, пра якую пісаў на старонках «Доўгай дарогі дадому» аўтар: «Аповесьць “Сотнікаў” (у першым варыянце “Ліквідацыя”) нарадзілася ня так з “галавы”, як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесьці пра Авэля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калі ў іншы час брат забіваў брата дзеля карысьці — спадчыны ці багацьця, дык у вайну — дзеля элемэнтарнае, біялагічнае мэты выжыць. Тое быццам апраўдвала або, прынамсі, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў і наступстваў.
Упершыню гэтыя аповесці былі выдадзены без цэнзурных купюр ужо пасля смерці аўтара — у 2014-м. Чакалася, што ад гэтага часу быкаўскія творы будуць публікавацца выключна ў такой непадуладнай цэнзуры рэдакцыі. Аднак гэтыя спадзяванні аказаліся марнымі — Быкава ўсё адно друкавалі і друкуюць з праўкамі і купюрамі. А гэтая кніга, якуя ў студзені выйдзе ў Беластоку, усяго толькі другое непадцэнзурнае выданне. Выпадак не такі ўжо часты для беларускай літаратуры — каб твор, хай сабе праз дзесяцігоддзі, але выйшаў без аніякага ўмяшальніцтва цэнзуры. І дагэтуль яшчэ ўнікальны ў лёсе аўтара «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі».
----------------------------
Замовы прымаюцца тут – высылка пасля 20 студзеня 2025.