- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
23 верасня, ва ўспамін святога айца Піо з П'етрэльчыны, біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў юбілей 75-годдзя з дня нараджэння. Як паведаміла Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, з гэтай нагоды ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылася ўрачыстая цэлебрацыя Эўхарыстыя, якую ўзначаліў годны юбіляр. У ёй браў удзел таксама каад'ютар Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які днём раней вярнуўся з Рыма, дзе праходзіў фармацыйны курс для новых біскупаў. Святую Імшу разам з іерархамі канцэлебравалі святары з розных мясцін дыяцэзіі, якія 23 верасня ўдзельнічалі ў дні засяроджання ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. На ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўный святыні горада над Нёманам прысутнічалі кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі. Усе яны сабраліся разам як вялікая дыяцэзіяльная сям'я, каб падтрымаць юбіляра малітвай, падзякаваць Богу за дар яго жыцця, яго асобу і служэнне ў якасці першага біскупа Гарадзенскага, а таксама выказаць яму сваю любоў і падзяку. Гамілію на святой Імшы прамовіў канцлер Курыі Гарадзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч. Засяродзіўшы ўвагу на літургічным чытанні гэтага дня, святар адзначыў, што з Евангелля ясна вынікае імператыў для сучасных людзей: свяціць для іншых. Гэтым святлом, патлумачыў ксёндз Аляксандр, з'яўляюцца словы, учынкі, асабістае сведчанне жыцця.