- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
3 лістапада ў Менску прайшлі шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў "Дзяды". Калона з некалькіх соцень чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі, скандуючы "Жыве Беларусь!", рушыла ад гадзіннікавага завода да ўрочышча Курапаты - месца пахавання дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Дазвол на мерапрыемства атрымалі актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ. Па словах Юрася Беленькага, сёлетнія "Дзяды" юбілейныя. Першыя адбыліся 25 год назад, 30 кастрычніка 1988 года. Яны былі разагнаныя камуністычнымі ўладамі. Як падкрэсліў Юрась Беленькі, дзякуючы Зянону Пазьняку, які кіраваў дэманстрацыяй, удалося пазбегнуць сур'ёзных сутыкненняў і, магчыма, ахвяраў. Але тыя "Дзяды" сталі моцным штуршком для абуджэння і дэмакратызацыі грамадства. З тых часоў мерапрыемства традыцыйна праходзіць у Менску і завяршаецца ў Курапатах.