- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
21-23 чэрвеня беларусы святкавалі першае Купалле. Будуць святкаваць яшчэ і другое каля 6-7 ліпеня. Такая ў нас краіна і такі народ, што язычаскае свята Купалле святкуюць і па каталіцкім, і па праваслаўным календары. І нікому гэта не замінае. Беларускія этнографы не вельмі хочуць прызнаваць гэтае першае Купалле і хітра называюць яго Сонцазваротам. Сонцазварот - гэта старажытная славянская назва сонцастаяння, якая адпавядала моманту "павароту" Сонца на прырост ці на спад дня. На Беларусі і ў шматлікіх еўрапейскіх краінах дзень зімовага сонцастаяння адзначаўся як язычніцкае свята нараджэння сонца. А Купалле ў старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння. Таму астранамічна Купалле трэба святкаваць менавіта ў 20-х днях чэрвеня, што паспяхова рабілася і робіцца, асабліва ў Заходняй Беларусі і асабліва ў вёсках з перавагай каталіцкага насельніцтва, дзе дакладна ведаюць, што “сёння Купала, а заўтра Ян”. Ян жа - 24 чэрвеня, пра што ксёндз нагадаць ніколі не забудзецца. Адпылалі першыя Купальскія вогнішчы на Берасцейшчыне, Гарадзеншчыне, у Менску, у замежжы (у Іркуцку святкавалі Купалле ў ноч з 22 на 23 чэрвеня), паплылі купальскія вянкі па Нёмане, Дзітве, Бузе. І няхай сабе этнографы пішуць у сваіх кніжках толькі пра 6-7 ліпеня, народ паціху рухаецца за Сонцам і пачынае святкаваць Купалле 23 чэрвеня ці каля таго, як гэта робіць Прыбалтыка ды і беларусы ў Еўропе. А прыдзе ліпень і ўся астатняя Беларусь адсвяткуе другое Купалле, і зноў весела, радасна і светла. І ніхто не замінае