- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Тураве 11 траўня, адбылося асвячэнне кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Архітэктурны праект быў асабіста зацверджаны Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Узвядзенне сабора ажыццяўлялася пры падтрымцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. З Турава распаўсюджвалася Евангельская вестка па тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы больш за 1000 гадоў таму. Тут захаваўся падмурак старажытнага сабора, які датуецца ХІІ стагоддзем. Сучасны сабор пабудаваны недалёка, у самым цэнтры невялічкага гарадка, дзе калісьці налічвалася да 70 цэркваў. Падчас татарскіх набегаў былое ўдзельнае Тураўскае княства страціла палітычнае значэнне, але не страціла духоўнага аўтарытэту. На працягу некалькіх стагоддзяў Тураў заставаўся кафедральным горадам, і пытанне пра будаўніцтва новага сабора падымалася неаднаразова. Так, на пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве архіепіскапа Менскага і Тураўскага Мітрафана (потым - свяшчэннапакутніка) пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва сабора. Але Першая сусветная вайна і далейшыя трагічныя для праваслаўнай царквы гістарычныя падзеі не далі гэтым планам здзейсніцца. Будаўніцтва было адтэрмінавана на цэлае стагоддзе.