Наш новы сайт: яшчэ больш кніг і магчымасцей
2023-09-27 01:11
Нас блакуюць, а мы надалей працуем на карысьць беларушчыны!
Чаго мы толькі не робім! Запісваем аўдыёбукі, выдаем кнігі, адлічбоўваем газэты і... запускаем новы сайт! :)
Мы займелі абноўленую версію сайта, а таксама запусцілі шэраг літаратуных ініцыятыў.
Сярод іх, напрыклад, запіс і выданне аўдыёкніг сучасных беларускіх аўтараў - Андрэя Федарэнкі, Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Артура Клінава, Валеры Гапеева і іншых.
Камунікат арганізуе таксама літаратурныя івэнты. Гэтак сёлета адбыўся еўрапейскі тур з Уладзімірам Арловым - больш за 10 гарадоў у чатырох краінах (Польшча, Нямеччына, Італія і Літва). Але мэта такіх імпрэзаў, дзе б яны ні праходзілі, не толькі выключна культурніцкая. Гэта заўсёды нагода для аб'яднання беларусаў і сустрэч з беларускай дыяспарай, з тымі людзьмі, якія не па сваёй волі з'ехалі з Беларусі.
Камунікат працягвае і свой амбітны праект - выданне аўдыёверсіі «Галасоў утопіі» нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Апублікаваныя ўжо тры кнігі серыі:
«У вайны не жаночы твар»,
«Апошнія сведкі»,
«Цынкавыя хлопчыкі». Перад намі чарговыя «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Упершыню выходзяць яны па-беларуску і без цэнзуры.
Аднак асноўным кірункам працы Камуніката застаецца збор і захаванне кніг і перыёдыкі, якія выходзяць па-беларуску ці пра Беларусь.
Дзякуючы ўведзеным зменам, наш сайт зараз стаў максімальна сучасным, дзякуючы новаму дызайну і аптымізацыі пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Таксама хутчэй сталі загружацца старонкі і выданні.
На гэты момант Камунікат утрымлівае на сваёй пляцоўцы матэрыялы ў розных фарматах – тэксты, аўдыё, відэа, pdf, ePub і mobi. На сёння для чытачоў дасяжныя больш за 55 000 публікацый – гэта самая вялікая беларуская анлайн-бібліятэка.
Нягледзячы на тое, што Міністэрства інфармацыі РБ заблакавала асноўны сайт Камуніката ў Беларусі, наша каманда і надалей плануе актыўна працаваць для беларусаў, знаёміць з айчыннай літаратурай, яе навінамі і навінкамі.
Запрашае таксама ахвотных да супрацы, каб Камунікат стаў яшчэ больш зручным і карысным для Вас!