- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выбух у Мінску падчас галоўнага дзяржаўнага свята. Пацярпелі 54 чалавекі. Трое з іх па-ранейшаму знаходзяцца ў цяжкім стане. ...I свяціліся рогі Сатаны Карэспандэнт "Народнай волі" прысутнічаў на святочным салюце, пасля якога і адбылася трагедыя. Што было да яе? Дзіўна, але ў мікрараёне "Малінаўка", дзе я жыву, на гэты раз салют чамусьці адмянілі. Нічога іншага не заставалася, як везці жонку і любімую цешчу палюбавацца салютам аж на праспект Пераможцаў. 22.00. Выехалі за гадзіну да пачатку мерапрыемства, але ўжо праз некалькі хвілін тралейбус пачаў набівацца "пад завязку". У асноўным гэта была 16-20-гадовая моладзь. У кожнага трэцяга - у руках бутэлька піва, хоць забарона на яго продаж была ўведзена яшчэ днём. Нейкія кіёскі і насамрэч выконвалі літару закона і не прадавалі піва, але былі і такія, што на свой страх і рызыку вырашылі бізнес не зварочваць. Надта ўжо спакушальным падаваўся прыбытак у такі "хлебны" дзень! 22.30. На пад'ездзе да Нямігі ў тралейбус ужо было не ўбіцца. Людзі чапляліся на прыступках за поручні і суседзяў, і каму шэнціла ўчапіцца ў швэдар ці валасы бліжняга, той працягваў свой шлях. Няўдачнікі адвальваліся ад дзвярэй тралейбуса, бы тая сухая гліна ад сцяны. На самой Нямізе народу было ўжо шмат - вачыма не акінуць. Усе піхаліся, таўкліся і хоць марудна, але прасоўваліся ў пераход, у якім і адбылася сумнавядомая трагедыя 1999 года. У самім пераходзе і на выхадзе з яго з рацыямі ў руках стаялі ў белых святочных кашулях міліцыянеры, якія не дазвалялі народу спыняцца.