- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускія ўлады таксама вучацца. Раней на праявы вулічнай актыўнасці рэагавалі прымітыўна – забаронай ды дубінкай. Але ж цяпер з Захадам трэба наводзіць масты, і таму сталі дзейнічаць хітрэй. У прыватнасці, ахвотных мітынгаваць вырашана біць рублём. Не, гаворка не пра штрафы за недазволеныя акцыі, хоць і гэта мера ў арсенале застаецца. Цяпер трэнд такі, што, маўляў, дазваляем, але ж заплаціце, панове актывісты, за сваё свята дэмакратыі па поўнай праграме. З аднаго боку, прынялі змены ў закон аб масавых мерапрыемствах, каб пусціць пыл у вочы заходнікам. Што да вулічных акцый, то цяпер у нас, маўляў, заяўны прынцып, а не дазвольны (хоць па сутнасці мала што мяняецца). З іншага боку, днямі Савет міністраў выдаў пастанову № 49 з расцэнкамі за такія мерапрыемствы. Раней падобныя рахункі маглі выстаўляць мясцовыя ўлады паводле свайго разумення.