- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гродзенскі мастак, аматар гісторыі, чалавек з залатымі рукамі Сяргей РЫБАК (на фота справа) стварае побач з абласным цэнтрам музей з атмасферай часоў Антонія Тызенгаўза, найбольш вядомага і эфектыўнага рэфарматара, які некалі жыў на гэтых землях. Імя гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза, які ў другой палове ХVІІІ стагоддзя правёў значныя і паспяховыя эканамічныя рэформы на землях Гродзеншчыны, сёння вядома нават школьнікам. Праўда, памяць аб гэтым цікавейшым чалавеку ўвекавечана даволі сціпла: ёсць невялікая плошча ў гістарычнай частцы абласнога цэнтра, якая, дарэчы, будавалася пры ім. Яшчэ ў царскія часы ўдзячныя нашчадкі паставілі яму помнік у Фарным касцёле, што з’яўляецца незвычайнай рэдкасцю для храмаў. Больш за дзесяць гадоў таму мясцовы прадпрымальны доктар Павел Клімук наважыўся ўзяць ва ўласнасць адзін з разбураных маёнткаў часоў Тызенгаўза ў вёсцы Караліно Гродзенскага раёна, з тым каб аднавіць яго. Гэты маёнтак у 80-я гады ХVІІІ стагоддзя Тызенгаўз стварыў, так бы мовіць, у эксперыментальных мэтах: як узорна-паказальную гаспадарку для вырошчвання сельгаспрадукцыі ў прамысловых аб’ёмах. Рэформы ў сельскай гаспадарцы сведчылі пра правільна абраны шлях, але ж гісторыя спыніла іх: адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, і беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Далей – сусветныя войны, калектывізацыя, савецкая ўлада, калгасы... І на гэтым месцы напрыканцы ХХ стагоддзя засталіся толькі муры.