- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Да пабачэння, Любамір Рэгак Кіраўнік дыпламатычнай місіі Славакіі ў Беларусі Любамір Рэгак - чалавек надзвычай добразычлівы. Пра гэта літаральна ў адзін голас кажуць усе, каму давялося сутыкацца з ім за тыя два гады, што ён працаваў у Мінску. і вось, з'язджаючы з Беларусі, спадар Любамір яшчэ раз замацаваў у вачах сваіх знаёмых гэту якасць. На развітанне ён сфатаграфаваўся паасобку з кожным з гасцей, якія прыйшлі, каб сказаць яму "Да пабачэння". Не памятаю яшчэ аднаго такога дыпламата, які б знайшоў магчымасць захаваць на памяць пра працу ў Беларусі столькі фотаздымкаў. і хаця ў зале Беларускага таварыства культурных сувязяў з замежжам, дзе праходзіў прыём, утварылася доўгая чарга, ніхто не наракаў на гэта. Калі два гады таму Любамір Рэгак пачаў працаваць у Беларусі, многія думалі, што ж гэта за чалавек і як ён будзе сябе паводзіць. А спадару Любаміру было чаго асцерагацца — ягоны папярэднік Мозаф Мачышак быў вельмі сімпатычным чалавекам, які пасябраваў з многімі беларусамі. і здавалася, што перакрыць такі ўзровень добразычлівасці немагчыма. Але высветлілася, што магчыма. Любамір, які ў свой час вучыўся ў Маскве і цудоўна ведае рускую мову, цалкам мог абысціся гэтымі ведамі і ў Мінску. Але ён цвёрда вырашыў навучыцца гаварыць па-беларуску. I надзвычай хутка зрабіў гэта. і гэта сур'ёзны папрок у адрас тых чыноўнікаў, ды і наогул грамадзянам Беларусі, якія беларускую мову лічаць занадта складанай.