- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вязні лагера «Азарычы» прайгралі суд Адміністрацыі прэзідэнта Зусім нядаўна Беларусь адсвяткавала чарговы Дзень Перамогі. Колькі было сказана цёплых слоў пра герояў і ахвяр таго жудаснага часу. Але, здаецца, што існуючая ўлада ўспамінае пра іх толькі з гэтай нагоды. Літаральна праз некалькі дзён пасля 9 Мая ў судзе Ленінскага раёна Мінска адбыўся беспрэцэдэнтны судовы працэс - былыя вязні лагера смерці "Азарычы" падалі іск супраць Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Трынаццаць істцоў, якія ў гады вайны былі дзецьмі і прымусова ўтрымліваліся ў лагеры "Азарычы", на працягу васьмі гадоў безвынікова дабіваліся сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. "У 1992 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб ветэранах, - гаворыць адзін з ініцыятараў звароту ў суд Аркадзь Шкуран. - У ім малалетнія вязні канцэнтрацыйных лагераў прыраўніваліся да ўдзельнікаў вайны. Праз тры гады навукова-кваліфікацыйнай камісіяй, якая была ўтворана па загадзе Адміністрацыі прэзідэнта, сваім рашэннем пазбавіла лагер "Азарычы" статуса канцэнтрацыйнага. Гэта пазбавіла нас права карыстацца льготамі, прадугледжанымі законам". Былыя вязні вайны вырашылі так. Паколькі навукова-кваліфікацыйная камісія ўтворана з лёгкай рукі Адміністрацыі прэзідэнта, то і звяртацца з тым, каб статус "Азарычаў" быў перагледжаны, трэба менавіта туды.