- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У ноч з суботы на нядзелю 26 красавіка 1986 года аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі (ЧАЭС) падзяліла гісторыю Беларусі на да- і паслячарнобыльскі перыяды. За аддаленасцю па часе і паўсядзённымі клопатамі падзея губляе вастрыню нават для тых, хто быў яе сучаснікам. Для паслячарнобыльскага пакалення 25 гадоў — цэлае жыццё, а падзеі 1986 года — далёкая мінуўшчына. Мэта артыкула не ў тым, каб яшчэ раз нагадаць гісторыю аварыі і ўзняць пытанне “Хто вінаваты?”. Пра гэта напісана шмат. Аўтар звяртае ўвагу на вынікі аварыі і паводзіны тагачаснага кіраўніцтва Беларусі. Рашэнні ўладных асоб паўплывалі на жыцці мноства людзей. Як высветлілася потым, непасрэдна 26 красавіка ў выніку непрадуманых дзеянняў дзяжурнай змены (суб’ектыўны фактар) пры наяўнасці слабасцяў у канструкцыі рэактара і станцыі ў цэлым (аб’ектыўны фактар) адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку. Разбурэнне рэактара прывяло да выкіду ў паветра велізарнай колькасці радыеактыўных рэчываў, якія патокамі паветра сталі хутка распаўсюджвацца па розных напрамках. Напачатку ніхто не меў уяўленняў аб сапраўдных маштабах трагедыі. Акадэмік В.Легасаў, які на наступны дзень адправіўся з Масквы да месца аварыі, успамінаў: “Мне тады і ў галаву не прыходзіла, што мы рухаемся насустрач падзеі планетарнага маштабу, падзеі, якая, відаць, увойдзе ў гісторыю чалавецтва, як вывяржэнне знакамітых вулканаў, гібель Пампеі ці што-небудзь блізкае да гэтага...” (пазней В.Легасаў скончыць жыццё самагубствам).