- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Трынаццаты абменны пункт (філіял №510 “Беларусбанка”) — у двары майго дома. Пачынае абслугоўваць кліентаў з 11 гадзін. Ведаючы, што з валютай дрэнь справа, займаю чаргу ў дзевяць раніцы. Трэцім... Безвынікова — ні долараў, ні еўра няма. Каб не губляць часу, выпраўляюся ў “малую кругасветку” па ўсім Паўднёвым Захадзе — шукаць 100 баксаў... (А што застаецца: пазычыў у каляжанкі “зеляніва”, то мушу і вяртаць цвёрдай валютай. Меўся разлічыцца ў эквіваленце па камерцыйным курсе — дзе там... Даруй, кажа, але хай будзе, як дамаўляліся.) Таму цісну на газ і кірую ў напрамку гандлёвага цэнтра “Таір” што па вуліцы Алібегава, там самы папулярны ў раёне абменнік ад ЗАТ BelSwissBankа. “Таір” цяпер ужо і не “Таір”, а “Еўраопт”, і народ тут круціцца з дня да ночы. Значыцца, шанцы купіць “баксы” павялічваюцца: нехта прадае валюту, нехта купляе... Але і тут поўны аблом: акенца зачынена, чаргі ніякай. Аб’ява на самым бачным месцы: “Паважаныя кліенты! Абменны пункт часова не працуе па тэхнічных прычынах. Прыносім свае прабачэнні”.