- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Калі ўзгадаць, якімі неймаверна цяжкімі выпрабаваннямі былі напоўнены гэтыя два выключна драматычныя дзесяцігоддзі і што ёй, нашай дэмакратычнай ластаўцы, давялося перажыць, вытрымаць, то іх можна залічыць за 100! У першым нумары “Народнай Волі” я пісаў: яе з’яўленне прадыктавана не столькі маім журналісцкім імпэтам, колькі воляй народа. І гэта, скажу шчыра, так і было. Калі з маіх рук груба і бесцырымонна, з парушэннем усіх існуючых законаў і нормаў маралі вырвалі “Народную газету”, створаную як орган Вярхоўнага Савета, але менавіта з маёй дэпутацкай ініцыятывы, хатні тэлефон літаральна расколваўся ад бесперапынных званкоў. Людзі з самых розных гарадоў, самых аддаленых вёсак, блізкага і далёкага замежжа, выказваючы шчырую падтрымку ў складаны для мяне час, прасілі знайсці сілы і не скарыцца перад тымі, хто свабоднага, праўдзівага слова баіцца больш, чым гарматных стрэлаў. Прасілі не складваць рук, не станавіцца на калені перад душыцелямі волі народа, а тэрмінова ўзяцца за выданне новай дэмакратычнай газеты.