- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Учора, 24 чэрвеня, гродзенец Аляксандр Лаўрэнцьеў разбіў палатку насупраць будынка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра і спрабаваў такім чынам дамагчыся паляпшэння жыллёвых умоў сваёй сям’і. Ягоная акцыя не прайшла незаўважанай. Сутнасць пратэсту Лаўрэнцьеў патлумачыў “Народнай Волі” тым, што з жонкай і двума дзецьмі жыве на 34 квадратных метрах. Апроч іх у кватэры жыве ягоная маці. Ён неаднойчы пісаў заяву ў адміністрацыю, каб сям’і выдзелілі хаця б арэнднае жыллё, але трымаў 7 адмоўных адказаў ад чыноўнікаў. “Мая старэйшая дачка ўжо хутка пойдзе ў школу, а нам няма дзе нават пісьмовы стол для яе паставіць, – усхвалявана кажа Лаўрэнцьеў. – Ну вось прыйдзе праверка са школы, і паставяць нашу сям’ю на ўлік, як гэта шмат дзе робіцца. А мы з жонкай такога не хочам”. Лаўрэнцьеў кажа, што кіраўнікі краіны падкрэсліваюць сацыяльны характар іх палітыкі, а на справе, як у яго выпадку, атрымліваецца, што пра звычайнага чалавека і яго сям’ю ніхто не думае. У чарзе на кватэру Лаўрэнцьеў стаіць з 2013 года. Тыдзень таму пакінуў працу, паколькі заробку не хапала нават на пражытачны мінімум на сям’ю, таму знайшоў іншую працу, пойдзе ўладкоўвацца. Жонка таксама працуе, але атрымлівае зусім мала. “Мая сям’я мае вострую патрэбу ў жыллі, і чыноўнікі павінны на гэта адрэагаваць", – упэўнены Лаўрэнцьеў.