- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Зграя. Не было раніцы, каб каго-небудзь з журналістаў "Народнай Волі" яшчэ да пачатку рабочага дня не чакалі людзі. У адзін такі дзень у рэдакцыю з Гомеля прыехала ўжо немаладая жанчына — маці аднаго з арыштаваных па так званай "паляўнічай справе" Галіна Баранава. І прывезла нам свой аповед пра тое, што ўсе гэтыя арышты — вынік вайны паміж мясцовым КДБ і міліцыяй: міліцыянеры нібыта назбіралі кампрамату на прадстаўнікоў спецслужбы, а тыя, каб прыкрыць скандал, наўпрост арыштавалі ўсіх, хто меў дачыненне да гэтай праверкі. А вось падставу для арыштаў выбралі "нейтральную" — незаконнае паляванне. Не на людзей — на дзікіх звяроў. Кожны дзень у рэдакцыю прыходзяць, прыязджаюць, пішуць, тэлефануюць людзі з падобнымі гісторыямі. Кожны дзень мы іх выслухоўваем, чытаем іх дакументы і звароты да розных афіцыйных асоб з просьбамі аднавіць справядлівасць альбо вырашыць нейкую праблему. Што можам — робім. Хаця і мы, і нашы наведвальнікі добра разумеем, што прэса не ўсясільная, асабліва ва ўмовах беларускага Закона аб СМІ, які напісаны так, што з цябе вытрасуць і душу, і грошы, калі толькі ты надрукуеш хоць нейкую інфармацыю, не падмацаваную доказамі і дакументамі. А яшчэ і газету прыкрыюць. Бо галоўнае правіла любога недэмакратычнага рэжыму: сябрам — усё, ворагам — закон.