- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
“Народная Воля” працягвае сачыць за тым, як праваабаронца Тамара Сяргей спрабуе адстаяць сваё чэснае імя і даказаць, што супрацоўнікі міліцыі незаконна яе затрымалі і беспадстаўна абвінавацілі ў рабаўніцтве 300 долараў, а па сутнасці – людзі ў пагонах учынілі ў адносінах да яе правакацыю. Коратка нагадаю гэтую скандальную гісторыю, якая цягнецца ўжо пяць месяцаў. Пачалася яна ў дзень інаўгурацыі А.Лукашэнкі 6 лістапада 2015 года. Тамара Сяргей прыехала на сталічны чыгуначны вакзал на сустрэчу з актывістамі грамадскай ініцыятывы “Супраць беззаконнасці ў пракуратуры і судах”. З вакзала яны мусілі рушыць да Палаца Незалежнасці, дзе праходзіла інаўгурацыя, каб калі не сустрэцца з самім Лукашэнкам, дык хаця б расцягнуць плакаты на шляху яго перасоўвання. Але як толькі Тамара Сяргей зайшла ў будынак вакзала, літаральна праз некалькі хвілін да яе падышлі міліцыянеры і паведамілі, што вымушаны затрымаць праваабаронцу: маўляў, паступіла заява ад грамадзянкі Тарасавай, што Сяргей адкрыта скрала ў яе 300 долараў каля абменнага пункта на трэцім паверсе вакзала. Тамара на той паверх нават і не падымалася, але пярэчыць не стала і падпарадкавалася загаду міліцыянераў “пройдите с нами».