- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Выбары ў Беларусі прайшлі — што далей? Што чакае беларускую грамадскую супольнасць і палітычныя партыі? Ці зменяцца беларускія стасункі з Еўропай і Расіяй? Аб гэтым карэспандэнт "Народнай Волі" гутарыць з адным з каардынатараў грамадзянскай кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Алесем БЯЛЯЦКІМ. — Думаю, мы яшчэ працяглы час будзем асэнсоўваць тое, што адбылося, — кажа суразмоўца. — Бо фактычна парушыўся стан адноснай раўнавагі паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, які існаваў апошнія год-два. Апісваючы сітуацыю, якая існавала ў краіне да 19 снежня, праваабаронцы заўсёды адзначалі, што знізіўся ўзровень рэпрэсій, але ў той жа час не было ніякіх структурных перамен. Існавала незадавальненне з абодвух бакоў. Мы чакалі наступных крокаў па шляху дэмакратызацыі ў краіне, а ўлады лічылі, што яны вельмі далёка зайшлі па гэтым шляху. Зацішша абрынулася раптам. Падзеі 19 снежня сталі апошняй кропляй "разгулу дэмакратыі", якая перапоўніла цярпенне аўтарытарных улад. Сітуацыя змянілася кардынальным чынам і, як мне падаецца, у такой сітуацыі мы не знаходзіліся хіба што з 1996 года. Тады быў крызіс улады, была пераніцавана Канстытуцыя, урэшце ўся ўлада сканцэнтравалася ў адных руках. Адбылася змена ўзаемаадносін паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, Беларуссю і краінамі-суседзямі. Улады чакалі доўгія гады міжнароднага непрызнання, а дэмакратычныя сілы чакалі доўгія гады зацятага супраціву.