- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У нядзельнай праграме “Контуры”, што ідзе на канале АНТ, у тэлегледачоў спыталі, за каго з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта яны аддалі б свой голас. Улада прыбегла да прымітыўнага, але шырока распаўсюджанага перадвыбарнага кручкатворства. Насупраць кожнага прозвішча кандыдата быў змешчаны адпаведны нумар тэлефона. Была і графа “супраць усіх”. Праз нейкіх 30 хвілін тэлегледачоў азнаёмілі з вынікамі тэлефанаванняў. Паводле сцвярджэння АНТ, кандыдаты ад дэмакратычнай супольнасці “набралі” ад сотні да тысячы з лішнім званкоў. А вось Аляксандр Лукашэнка — дзесяткі тысяч. Гэта ж якая актыўнасць аўдыторыі! Тэлеканалы ў Расіі, колькасць насельніцтва якой перавышае нашу ў некалькі разоў, могуць толькі пазайздросціць. Падчас папулярных сярод гледачоў праграм, напрыклад, на НТБ “Да бар’ера”, інтэрактыўнае галасаванне нават не даходзіла да такіх лічбаў. А беларусы ўзялі і пабілі ўсе рэкорды адным махам. Пры гэтым шэф-рэдактар праграмы “Контуры” на АНТ Вольга ГАНЧАРЫК кажа, што ўсе лічбы абсалютна рэальныя. Кандыдаты ад дэмакратычных сіл, наадварот, лічаць, што АНТ наўмысна скажае інфармацыю, каб з дапамогай лічбаў уплываць на свядомасць грамадства напярэдадні выбараў.