- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Да гадавіны падзей на Плошчы беларускі незалежны тэлеканал “Белсат” прымеркаваў паказ новага дакументальнага фільма “Даволі! Да Волі...” рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы. З аўтарамі напярэдадні прэм’еры пагутарыла наш карэспандэнт Любоў Лунёва. — Тэма Плошчы 2010 года ўжо гучала ў некалькіх дакументальных фільмах, якія нядаўна выйшлі на экраны. У прыватнасці, у “Звычайных выбарах” Юрыя Хашчавацкага і “Беларускай мары” Кацярыны Кібальчыч. Чым адметны ваш фільм? Якую Плошчу паказваеце вы? Ракіцкі: — Чалавечую. Драматычныя падзеі снежня 2010 года, беларускія следчая, судовая і турэмная сістэмы бачацца ў фільме вачыма людзей, якія былі ўдзельнікамі таго мірнага пратэсту і якія прайшлі праз пекла турмаў. Нас меней за ўсё цікавіла рэпартажнасць. У большай ці меншай ступені ўжо вядома, як развіваліся падзеі ў Мінску 19 снежня 2010 года, і аднаўляць іх нам ужо было не вельмі цікава. Прынамсі, кадры з Плошчы амаль не знікаюць і з перадач тэлеканала “Белсат”. Яны красамоўныя, жорсткія. Ёсць яны і ў нашым фільме, але толькі як тло, як пацвярджэнне думак герояў, як дадатковы эмацыйны шэраг. Мы мелі на мэце стварыць калектыўны вобраз удзельнікаў Плошчы 2010 года. Наш фільм пра тых звычайных беларусаў, якім надакучыла жыць у краіне хлусні, якім надакучыла, што іх ужо 17 гадоў трымаюць за быдла і якія вырашылі ў рэшце рэшт голасна сказаць “Даволі!” і пайсці да Волі.