- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Бюджэт страху. У краіне зноў настаў час дзяліць грошы. Праект бюджету на 2010 год прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Прычым прыняты, заўважце, аднагалосна. Які яшчэ парламент у свеце можа пахваліцца такім адзінадумствам?! На што ж не пашкадавалі грошай беларускія дэпутаты, якія падчас выбараў, як адзін, абяцалі, што будуць пячыся выключна пра народ? "Сілавыя" прыярытэты бюджэту відавочныя. Згодна з праектам, які ўжо трапіў у СМІ, утрыманне Міністэрства абароны абыдзецца дзяржаве значна даражэй, чым сістэма адукацыі альбо ўсе бальніцы і паліклінікі разам узятыя. На ўнутраныя войскі — тыя самыя, што займаюцца разгонам дэмакратычных акцый, — грошай выдзяляецца амаль у два разы болей, чым на будаўніцтва жылля для малазабяспечаных і ўсю жыллёва-камунальную гаспадарку. Толькі на Службу бяспекі прэзідэнта плануецца выдзяляць больш за 10 мільёнаў долараў! І гэта пры тым, што ні фінансавай увагай, ні паўнамоцтвамі не абдзелены ні КДБ, ні МУС. Дык ці не занадта дорага мы плацім сілавікам у мірны час? Што, вайна на парозе? А калі нехта з высокіх чыноўнікаў адчувае сябе ў небяспецы, то чаму на яго ахоўванне трэба траціць народныя грошы?