- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Камітэт па правах чалавека ААН, разгледзеўшы скаргу па справе “беларускіх тэрарыстаў” Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, палічыў іх віну недаказанай, а справу — праведзенай з вялікімі парушэннямі. Але беларускі бок так спяшаўся пакараць “вінаватых”, што не стаў чакаць вердыкту міжнародных экспертаў. Хлопцаў ужо няма, іх расстралялі. Выправіць такую “памылку” проста немагчыма. Эксперты Камітэта па правах чалавека, якія прадстаўлялі 18 краін свету, прыйшлі да высновы, што ў справе, распачатай па факце выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года, не было сабрана дастаткова доказаў віны Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Беспрэцэдэнтнай можна назваць саму рэгістрацыю заявы ў ААН ад маці і сястры Уладзіслава Кавалёва — яны звярнуліся 14 снежня, а рэгістрацыя адбылася 15-га, на наступны ж дзень. Хаця звычайна ад падачы заявы да яе рэгістрацыі праходзіць некалькі месяцаў. У гэтым выпадку ў Камітэце ААН улічылі беларускую рэчаіснасць (бо адлік ішоў на гадзіны) і пайшлі насустрач маці. ААН прасіла беларускія ўлады не спяшацца з выкананнем прысуду і зрабіць захады для так званай прамежкавай абароны. Але ў Мінску нікога слухаць не хацелі і ўжо рыхтавалі “расстрэльную каманду”.