- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мы - вярнуліся! Доўгачаканы дзень наступіў! "Народная воля" - зноў на волі! Блакада, якая мёртвай хваткай тры гады сціскала горла "Народнай волі", прарвана! Мы - вярнуліся! Ужо сённяшні нумар аддрукаваны не ў замежным Смаленску, што амаль за 400 кіламетраў ад Мінска, а ў выдавецтве "Беларускі Дом друку". Мы вярнуліся ў шапікі "Белсаюздруку". Мы вярнуліся ў падпісныя каталогі "Бел-пошты". Мы выжылі, нягледзячы на прызначаную нам смерць. Выжылі ў трэці раз. За няпоўныя чатырнаццаць гадоў "Народная воля" тройчы вымушана была на працягу доўгага часу друкавацца за мяжой. Першыя два разы - у Літве, апошні раз - у Расіі. Выжылі - таму што мы былі разам, шаноўныя чытачы! Вы не кінулі нас у бядзе, вы, як і мы, не здрадзілі галоўнаму - шчыраму сяброўству. Разам ратавалі "Народную волю" - адну з першых ластавак свабоднага слова, нястомную прыхільніцу Беларускага Адраджэння, дэмакратычных перамен у грамадстве і дзяржаве. Дзякуй, вялікі дзякуй вам, паважаныя сябры! Дзякуй усім, хто тры блакадныя гады дапамагаў саматужна распаўсюджваць газету! За "Народную волю" змагалася беларуская апазіцыя. За "Народную волю" змагаліся ўсе, каму неабыякавы лёс Беларусі. Дзякуй, даражэнькія! Вядома ж, дзякуй за тую надзвычай важную падтрымку, якую "Народная воля" ўвесь час адчувала з боку замежнай дэмакратычнай грамадскасці, з боку кіраўнікоў многіх краін і сусветна вядомых палітычных дзеячаў!