- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Палітвязень Зміцер Дашкевіч нарэшце стаў атрымліваць лісты і тэлеграмы падтрымкі. Інфармацыйная блакада доўжылася каля трох месяцаў. Цяпер Зміцер можа не толькі чытаць лісты, але і адказваць на іх і быць упэўненым, што яны дойдуць да адрасатаў. Пасля таго як хлопца перавялі з Горацкай папраўчай калоніі ў Глыбокае, ён стаў адчуваць сябе значна лепей. Пра гэта “Народнай Волі” паведаміла намесніца лідара “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі) Наста Палажанка. Сябры Зміцера Дашкевіча спадзяюцца, што ў хуткім часе будзе так званая трэцяя хваля выпуску на волю палітвязняў і ён у яе патрапіць. Зміцера Бандарэнку з бальнічнага ложка перавялі ў каранцін Давераную асобу экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Зміцера Бандарэнку забралі са шпіталя, дзе ён праходзіў неабходнае лячэнне, у каранцінны блок Магілёўскай калоніі №15. Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” даслаў ліст жонцы, у якім напісаў, што цяпер “пра здароўе можна забыцца”. Спадзяванні Зміцера на тое, што да канца года яго будуць трымаць у шпіталі, не спраўдзіліся. Гэта пры тым, што ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска, дзе яму 26 ліпеня зрабілі аперацыю, медыкі казалі, што рэабілітацыйны перыяд зойме не менш за 6 месяцаў. 20 жніўня Зміцер Бандарэнка адбыў трэць тэрміну пакарання. Сваякі палітыка разлічвалі на гарантаванае заканадаўствам змякчэнне пакарання, але гэтага дагэтуль не адбылося.