- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ірына Халіп склікала экстранную прэс-канферэнцыю на наступны дзень пасля спаткання з мужам. Мала хто бачыў Ірыну такой. У жонкі былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які зараз адбывае пакаранне ў калоніі “Віцьба-3”, часам былі поўныя вочы слёз. І не слёз радасці ад доўгачаканага спаткання… Тры месяцы да гэтага пра Андрэя Саннікава не было ніякай інфармацыі. Адвакатаў і сваякоў да яго не дапускалі, лісты не даходзілі. А калі дапусцілі, то высветлілася, што Саннікаў выглядае так, нібыта прайшоў праз сталінскія лагеры. І што ён яшчэ ў снежні падпісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Ірына лічыць, што прашэнне з Андрэя “выбілі” сапраўднымі катаваннямі. Яна сцвярджае, што на такі крок ён мог пайсці з-за пагроз сям’і. “Андрэй разумее, у якім цяжкім стане я знаходжуся. Улічваючы, што па прысудзе для мяне ўведзена “каменданцкая гадзіна” і я абавязана адчыняць дзверы познім вечарам, калі яны прыходзяць з праверкай са словамі: ”Адчыняйце, міліцыя!”. Так да мяне можа прыйсці хто заўгодна, і я не змагу не адчыніць дзверы. Андрэй гатовы памерці сам, але ён не дазволіць прычыніць шкоду нам з Данікам”, — сказала жонка палітвязня. Самыя цяжкія пакуты — гэта пагроза жыццю тваіх блізкіх. А яшчэ месяцы ў “адзіночнцы”, без лістоў, без сустрэч з адвакатам, без якіх-небудзь вестак з волі, неаднаразовыя, па некалькі тыдняў, “транзіты” з калоніі ў калонію, з хворымі на сухоты, з правакатарамі…