- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам я жыву з пакутлівым адчуваннем віны. Пасля падзей 19 снежня, пасля Плошчы, пасля ўсіх расследаванняў і судоў, апынуўшыся няхай на аднойснай, але ўсё ж на волі, не магу пазбавіцца ад думкі, што нехта ў турме замест мяне. Мае сябры, мае паплечнікі, кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2010 года. Разам з імі ў турмах тыя, хто галасаваў за нас, хто выйшаў, каб адстаяць права выбару, на Плошчу. Мяне пераконваюць: яны выйшлі не праз твае заклікі, а праз поклічы свайго сумлення, праз адчуванне грамадзянскага абавязку. Так, але гэта ніяк не супакойвае. Не можа супакоіць, пакуль усе палітвязні, ні ў чым не вінаватыя людзі не займеюць свабоду. І яны займеюць яе, бо яны і ёсць людзі свабоды. Нават за кратамі яны вальнейшыя за тых, хто іх за краты кінуў. Але чаму адчуваннем віны мучаюся я — і не мучаюцца следчыя, пракуроры, суддзі? Міністры, старшыні ўсялякіх камітэтаў, вялікіх і малых саветаў? Кіраўнікі прэзідэнцкай Адміністрацыі? Улада, якая накінулася на мірных грамадзян, як на ўзброеных ворагаў? Ці нехта ў гэтай уладзе мучаецца, але моўчкі? Сам у сабе, у анучку? Тады што толку?.. Ці яна, гэтая дзіўная ўлада, хірургічна пазбаўленая пачуцця віны, сораму і ўсіх астатніх пачуццяў, апрача вернападданых? Але нават у гэтым выпадку ў ёй, калі яна ўлада, павінна быць пачуццё адказнасці за будучыню краіны. А значыць, разуменне таго, што склалася сітуацыя, у якой лёс палітвязняў — гэта лёс народа.