- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Ужо ляжачага, мяне працягвалі збіваць нагамі» 14 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы адбылася акцыя салідарнасці з затрыманымі па факце выбуху ў Мінску прадстаўнікамі апазіцыі. На плошчы былі заўважаны намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар івашкевіч, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі. Удзел у акцыі прынялі некалькі дзесяткаў чалавек. Прысутныя на несанкцыянаваным мерапрыемстве патрабавалі ад беларускіх улад правядзення незалежнага расследавання, а таксама вызвалення ўсіх затрыманых па факце выбуху. Літаральна праз некалькі хвілін пасля пачатку акцыі супрацоўнікі міліцыі пачалі выцясняць людзей з плошчы. Падчас "зачысткі" быў моцна збіты старшыня АГП Анатоль Лябедзька. "Я пацярпеў за тое, што паспрабаваў высветліць у супрацоўнікаў міліцыі, які канкрэтна закон парушаюць людзі, што проста стаяць на плошчы, - распавёў карэспандэнту "Народнай волі" Анатоль Уладзіміравіч. - Адразу пасля гэтага з боку супрацоўнікаў міліцыі пачаліся адчувальныя "тычкі". Крыху пазней пяць ці шэсць чалавек "у чорным" узялі мяне "ў каробачку" і пачалі збіваць... Адзін з удараў быў вельмі моцным і прыйшоўся ў сонечнае спляценне... Адразу пасля яго ў мяне пацямнела ў вачах, я страціў кантроль над сітуацыяй і апынуўся на бруку... Ужо ляжачага, мяне працягвалі збіваць нагамі. І толькі пасля нечай каманды "Хватит!" мяне пакінулі ў спакоі. Амапаўцы проста пераступілі цераз мяне і пайшлі "працаваць" далей".