- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ці будзе зменена беларускае выбарчае заканадаўства? Ці будуць разгледжаны прапановы экспертаў АБСЕ і СНД пры падрыхтоўцы паправак у Выбарчы кодэкс Беларусі? Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пасля прэзідэнцкай нарады, прысвечанай зменам у выбарчае заканадаўства, паведаміла, што дакумент павінен максімальна ўлічваць як нацыянальныя інтарэсы, так і міжнародныя стандарты. Але кіраўнік ЦВК тым і праславілася, што словы часта гаворыць правільныя, але потым па сутнасці нічога не мяняецца. Падчас пасяджэння з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, на якім абмяркоўваліся змены ў выбарчае заканадаўства, прапанаваныя ЦВК, большасць удзельнікаў не падтрымалі толькі адну ініцыятыву — аб прадастаўленні рэспубліканскім грамадскім арганізацыям колькасцю больш за тысячу чалавек права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Іншыя ініцыятывы ЦВК у цэлым атрымалі падтрымку. У прыватнасці, гэта пераход да прынцыпу адноснай большасці на парламенцкіх выбарах ужо ў першым туры. Гэта значыць: каб стаць дэпутатам, не трэба будзе гнацца за 50% галасоў выбаршчыкаў, хопіць і простай большасці прагаласаваўшых. Дэкларатыўна гэта дазволіць спрасціць выбарчую кампанію і скараціць выдаткі на яе, але на практыцы гэта азначае, што другога туру на выбарах не будзе. Як, дарэчы, яго не было і ў апошнія кампаніі, бо дзіўным чынам людзі галасавалі выключна “правільна”.