Наркамаўка ці тарашкевіца? Што кажуць выдаўцы
2023-06-08 13:53
Наркамаўка ці тарашкевіца? Афіцыйным правапісам або класічным варта карыстацца беларускім выдавецтвам за мяжой?
На гэтае пытанне нашага карэспандэнта адказалі выдаўцы. Перадусім заснавальнік фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк:
– Я б наогул хацеў, каб усе кнігі ў Беларусі друкаваліся на тарашкевіцы. Хаця не ўсе кнігі, якія друкуе і выдае «Камунікат» яны ў тарашкевіцы, але ёсць і такія, і такія. Хацелася б, каб гэтая мова, на якой друкуюцца беларускія кнігі, была як найбольш беларуская, як найменш зрусіфікаваная. На сённяшні дзень не магу адобрыць таго, што ў наркамаўцы гэта «Германія», а не «Нямеччына». Для мяне гэта проста не прымальнае.
Кнігавыдавец
Андрэй Янушкевіч – прыхільнік навуковага падыходу ў пытанні правапісу.
– Правапіс – гэта не чыесьці хацелкі, а мовазнаўства, лінгвістыка – гэта навука. Паглядзіце як слоўнікі апошняга дзесяцігоддзя, якія выдаваліся ў Акадэміі навук, наколькі ў іх узбагацілася лексіка, наколькі гэты правапіс унармаваны. Усе тыя русіфікатарскія тэндэнцыі, якія назіраліся з 50-х гадоў у слоўніках пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, сёння нашымі навукоўцамі гэта па вялікаму рахунку вычышчана.
Разам з тым Янушкевіч не выключае пераходу свайго выдавецтва на тарашкевіцу, калі такі правапіс прызнае за афіцыйны Акадэмія навук Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя