7 ліпеня – Дзень Нараджэння Янкі Купалы. Ён жа Ян Луцэвіч. Ён жа Іван Луцэвіч. Бацька на імя – Дамінік. Адкуль гэтае вычварнае на вуха – Іван Дамінікавіч? А справа ў тым, што расейскія пісары, пазначылі, што Ян Луцэвіч – рыма-каталіцкага веравызнання, але пры гэтым «рускі».Сёння мы гаворым пра Яна Луцэвіча, ён жа Янка Купала. Заўважце, што псеўданім быў абраны не «Іванка», а «Янка», бо сваё роднае бліжэй да сэрца.
Псеўданім быў абраны праз дату нараджэння – 7 ліпеня ў Беларусі другое Купалле. Першае было бліжэй да летняга Раўнадзенства. Другое – з шостага на сёмае ліпеня падвярстанае пад праваслаўны каляндар.
Янка Купала – невераемна драматычная асоба. Хто сходу ўзгадае калі паэт атрымаў сталінскую прэмію? Спойлер – у 1941т годзе, незадоўга да трагічнай смерці, у якой дагэтуль не беспадстаўна падазраюць гэбэшнікаў, якія ў сталінскія часы рэпрэзентавалі НКУС, альбо расейскай абрэвіятурай НКВД.
Янку Купалу клічуць песняром. Гэта значыць чалавекам, які ў паэтычнай форме агучвае пэўны нацыянальны канцэпт. У нашым выпадку – беларушчыну як ідэю.
А ўсё, што звязанае са сталіншчынай, і ейным адлюстраваннем мастацкімі сродкамі, гэта залічваецца Янку Купалу ў ягоную асабістую драму. Гэта як бы чалавека ўзялі ў закладнікі.
За што любім Купалу сёння? За ўдзел у нацыятворчасці. Вось пачатак і канец верша пад назвай «Чужым»:
«Мы вас прынялі хлебам і соляй,
Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
Кветкі жывыя.
…
Людзі чужыя! Хтось калісь зліча
Вашу нам шкоду:
Зліча праступкі… к суду пакліча
Крыўда народу».
Пад чужымі тут разумеюцца найперш людзі з Расеі. Год напісання 1906-1912. А вось цытаты з верша, прысвечанага выданню «Наша Ніва» 1911 году напісання:
«Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе,
– Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.
…
Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Бацькаўшчыне мілай».
Таму Янка Купала і застаўся ў гісторыі культавай асобай, бо ад юнацтва быў прынцыпова і паслядоўна беларускім нацыястваральнікам.
Тое, што Янка Купала застаўся жывым пасля трагедыі канца 1930-х, калі сталіністы вынішчылі практычна ўсіх творцаў, навукоўцаў і наагул інтэлектуалаў, – гэта не ў малой ступені выпадковасць.
З соцень пакінулі фактычна двух – Янку Купалу і Якуба Коласа.
Уявіце, вы дзеля распаўсюду ідэі беларушчыны ідзеце на здзелку з відавочнымі ворагамі, фактычна ахвяруеце сабой як асобай, і ўрэшце застаецеся ў выпаленым полі.
Але беларусы выжылі як ідэя, і сталіся і нацыяй і грамадзянскай супольнасцю.
З нашага боку гэта лепшы падарунак да Дня Янкі Купалы.