Намесьнік старшыні БАЖ: Асацыяцыя — гэта ня проста запіс у рэестры юрыдычных асобаў
2021-08-28 12:39
Чаму ліквідавалі Беларускую асацыяцыю журналістаў? Ці магчыма было задаволіць прэтэнзіі, якія ўлады прад’яўлялі асацыяцыі? Як чальцы і кіраўніцтва БАЖ зьбіраюцца дзейнічаць зараз, пасьля фармальнай ліквідацыі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Гарэцкі
Гэта фармальная ліквідацыя.
БАЖ — гэта ня проста запіс у рэестры юрыдычных асобаў.
Ня варта было нават спадзявацца на тое, што ўлада з кімсьці пра штосьці будзе дамаўляцца.
Апошнія месяцы ўлада працуе ў фармаце: ператрус, затрыманьне супрацоўнікаў арганізацыі, а потым ліквідацыя.
Ня ведаю, чым мы маглі паступіцца дзеля захаваньня сваёй рэгістрацыі.
Галоўнае нашае патрабаваньне — гэта вызваленьне 27 журналістаў, якія ў няволі.
Гэтае патрабаваньне гучыць ня толькі ад БАЖ, але і ад усіх міжнародных журналісцкіх структураў.
З намі ніякага торгу ўлады не вялі, і яго не магло быць.
Калі ў нас запатрабавалі дакумэнты, нам ужо ўсё было зразумела.
Яны вельмі цікава рэагавалі: казалі, вы запомніце, як дакумэнты былі складзеныя, каб мы не паблыталі, калі вам будзем іх вяртаць.
Выглядае, што рашэньне аб ліквідацыі БАЖ прымалася не ў Міністэрстве юстыцыі.
Добра, што яны не пайшлі шляхам абвяшчэньня БАЖ экстрэмісцкай арганізацыяй.
Хоць я б і не зьдзівіўся, калі б яны пайшлі на прызнаньне экстрэмісцкай арганізацыяй нават чальца Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў.
Яны знайшлі ў нас парушэньні, але мы нязгодныя з тым, што гэта парушэньні.
Яны казалі, што ў нас не працягнутая дамова арэнды. Мы паказваем у дамове радок, што яна аўтаматычна працягваецца, калі бакі яе не касуюць.
Папярэджаньне пра арэнду прыйшло на наступны дзень пасьля таго, як у нас у офісе прайшоў ператрус.
Мы не маглі даць адказ Мін'юсту, бо ў нас канфіскавалі пячатку.
Аднак Мін'юст даслаў чарговае папярэджаньне за тое, што не адказалі на папярэдняе.
Палагодзілі б гэтае пытаньне, знайшлося б нешта іншае.
У такім працэсе цяпер знаходзяцца многія арганізацыі.
Закрыцьцё вядомай журналісцкай арганізацыі не застанецца незаўважаным у сьвеце.
Уся міжнародная супольнасьць на баку здаровых сілаў, на баку якаснай журналістыкі.
Прамых рычагоў уплыву на беларускую сытуацыю ў мэдыйнай супольнасьці няма.
Міжнародная фэдэрацыя журналістаў, безумоўна, будзе працягваць лічыць сваімі чальцамі чальцоў фармальна ліквідаванага БАЖу.
У лютым, пасьля ператрусу і затрыманьня мяне і кіраўніка БАЖ Андрэя Бастунца, я думаў, што нас пасадзяць на гады.
Але нас вызвалілі і нават далі магчымасьць правесьці зьезд асацыяцыі.
Мы будзем як фізычныя асобы імкнуцца дапамагаць усім БАЖаўцам, якія зазнаюць перасьлед.
За гэты год у розных мэдыя прайшло 140 ператрусаў.
Сёньня на Львоўскім мэдыяфоруме каманда парталу Zerkalo — былая каманда Tut.by — расказала пра рост іх аўдыторыі.
Беларусы вяртаюцца на гэты партал.
Попыт на свабодную журналістыку застаецца.
Што было раней
27 жніўня Вярхоўны суд разгледзеў і задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Падстава для ліквідацыі палягае ў тым, што Беларуская асацыяцыя журналістаў ня выправіла парушэньняў, якія выявіла Міністэрства юстыцыі падчас праверкі, распачатай у чэрвені.
Кіраўніцтва арганізацыі катэгарычна ня згоднае з такімі высновамі.
16 лютага ў офісе БАЖ прайшоў першы ператрус. Пасьля гэтага прадстаўнікоў арганізацыі некалькі разоў выклікалі ў Сьледчы камітэт для допытаў, цягам месяца офіс быў апячатаны. У чэрвені-ліпені кантралёры зьявіліся зноў, цяпер усялякая дзейнасьць фактычна спаралізаваная.
21 чэрвеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі правярае цэлы шэраг НДА, многія цяпер ужо ліквідаваныя. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама падала вялікі пералік дакумэнтаў, за выключэньнем матэрыялаў, забраных з офісу яшчэ падчас першага ператрусу.
Непадачу запытаных дакумэнтаў і адсутнасьць юрыдычных адрасоў рэгіянальных філіяў міністэрства палічыла парушэньнем заканадаўства і Статуту БАЖ, накіраваўшы ў Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі БАЖ нібыта за «непрыняцьце мер для выпраўленьня парушэньняў».
Беларуская асацыяцыя журналістаў дзейнічае з восені 1995 году. Пад яе дахам больш за 1300 сябраў, якія працуюць у пэрыядычных выданьнях, на радыё і тэлевізіі, у выдавецкіх кампаніях.