Намесьнік рэдактара «Нашай нівы»: «Усё вычышчаецца, бо на вуліцах няма людзей»
2021-07-08 17:16
Што стала прычынай атакі на незалежныя выданьні — «Нашу Ніву», orsha.eu, «Брестскую газету», Intex-Press? Ці зьявіцца «Наша Ніва» ў выгнаньні, як гэта адбылося з Tut.by? Ці сыдзе беларуская аўдыторыя ў Telegram?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае намесьнік рэдактара «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч.
Гарбацэвіч
Мы бачым тэндэнцыю здушэньня любой альтэрнатыўнай інфармацыі.
Сёньняшні разгром НН і рэгіянальных выданьняў — гэта ж ня сёньня пачалося.
Было блякаваньне сайтаў, пазбаўленьне акрэдытацыі Эўрарадыё і карпунктаў замежных СМІ.
Гэта працяг тэндэнцыі на «зачыстку» мэдыяполя.
Уладам хацелася б, каб беларусы чулі і бачылі толькі іх хлусьню.
Гэта рэалізацыя стратэгіі выкараненьня праўды.
Менавіта таму, што людзей на вуліцах няма, усё і вычышчаецца.
Калі яны на вуліцах былі, то любы трыгер мог вывесьці на вуліцы яшчэ больш людзей.
Цяпер людзі запалоханыя нечуваным маштабам рэпрэсіяў.
Мы ўжо Трэці райх пераплюнулі паводле маштабаў рэпрэсіяў.
Мы да апошняга спрабавалі заставацца ў прававым полі.
Калі ўлады такой магчымасьці нам не пакідаюць, зразумела, мы будзем дзейнічаць інакш.
Частка нашай каманды знаходзіцца ў бясьпечных месцах, і мы будзем працягваць рабіць «Нашу Ніву».
Яны яе ня зьнішчаць гэтым тупым накатам.
На рынку журналістаў хапае — і беларускіх, якія страцілі працу, і нават расейскіх, якія трапілі пад забарону на прафэсію.
Улады наймалі сабе прапагандыстаў з RT, а хто забараняе нам наняць «варагаў», каб яны пераехалі ў Кіеў, Варшаву ці Вільню і пачалі «хістаць» гэты рэжым?
Невядома, што нам інкрымінуюць, якую прастору нам пакідаюць, каб мы ня сталі радыкаламі, прычым радыкаламі інфармаванымі.
Радыкалізаваная «Наша Ніва» — гэта нават ня «Хартыя» і нават ня NEXTA.
Мы ніколі не працавалі на людзей, арыентаваных на змаганьне.
Нашая «фішка» была — эксклюзіўная інфармацыя.
Ядро аўдыторыі абсячэцца, ня ўсе стануць усталёўваць сабе VPN.
Што было раней
8 ліпеня сілавыя органы па ўсёй Беларусі пачалі ператрусы ў шэрагу рэдакцый і кватэрах журналістаў.
Улады заблякавалі сайт аднаго з самых папулярных незалежных мэдыя Беларусі «Наша Ніва», у рэдакцыі і ў журналістаў выданьня праходзяць ператрусы.
Ператрус дома ў рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко скончаны. Яго павезьлі на допыт.
Ператрус у галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча скончаны. Яго самога вывелі з дому двое сілавікоў з рукамі, скаванымі за сьпінай.
У рэдакцыі «Брестской газеты», Orsha.eu і баранавіцкага выданьня Intex-Press таксама прыйшлі сілавікі.