- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паэзія Яна Чыквіна па сутнасці філасофская паэзія. Яна вяртае нашую паэзію ў лона еўрапейскай паэзіі, да вопыту Максіма Багдановіча. Экзістэнцыянальна яна адрозная ад нашай сённяшняй паэзіі, калі хочаце — нават запярэчвае яе матэрыялістычную аснову, яна ў нашай паэзіі — як бы новая планета, хоць яшчэ і не адкрытая. Паэзія Чыквіна сімвалічная, метафарычная, як і належыцца быць сапраўднай паэзіі. Я назваў паэзію Яна Чыквіна еўрапейскай паэзіяй, але ягоная “еўрапейская паэзія" наскрозь прасякнута духам беларускасці, яна еўрапейская і адначасна нацыянальная. (Масей Сяднёў, Глен Коў, ЗША) У гэтай паэзіі адбыўся сінтэз ютасічнай эстэтыкі з яе кантрастнай палярызацыяй прыгожага і нізкага, дабра і зла з мадэрнісцкім абнаўленнем паэтыкі, стылістыкі яе складанай, часам эзатэрычнай метафарыстыкі. Сёння можна сказаць таксама пра анталагічную, быційную эвалюцыю творчасці Яна Чыквіна ад характэрнай для беларускай паэзіі другой паловы XX ст. паэтызацыі і падвышэння традыцыйнага сялянскага ладу жыцця да ўзмацнення суб'ектыўнага пачатку, драматычнага пера-жывання паэтам адноснасці, нават праблематычнасці быцця чалавека ў свеце. Урэшце — спасціжэння няўстойлівасці «ўсякага дыхання» на зямлі. (Уладзімір Конан, Мінск)