На YouTube з’явіўся запіс канцэрта „Песні выгнання” Андрэя Мельнікава
2021-01-25 15:42
На канале YouTube з’явіўся нядаўні запіс канцэрта барда Андрэя Мельнікава „Песні выгнання”.
Гэта адбылося, дзякуючы кампаніі „Будзьма Беларусамі”.
Пра сам альбом, складзены яшчэ ў 1994 годзе, распавядае выканаўца:
– Эшалоны, якія вывозілі з Беларусі людзей. Усе гэтыя вершы – гэта тыя людзі, якія выязджалі з Беларусі на цягніках. Не па свайму надта вельмі вялікаму ўжо жаданню. Усе яны былі старэй за мяне, усе яны на сённяшні дзень знаходзяцца ў іншым, яны ўсе памерлі. 11 песень, альбом 94-а года, у 95-м выйшаў, „Песні выгнання”. Пачынаецца з Тодара Лебяды, затым пойдзе Марк Шагал, затым пойдзе Алесь Гарун, а завяршыцца ўсё гэта вершам Ігара Паўлоўскага.
Назву альбому даў верш Тодара Лебяды „Песні выгнання”, напісаны ім у 1944 годзе. Альбом склалі песні на словы паэтаў – ураджэнцаў Беларусі, якія па розных прычынах, у розны час мусілі пакінуць Радзіму.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя