«Мы жадаем перамен». Гродзенскія выпускнікі праспявалі Цоя на беларускай мове
2020-06-15 22:27
У рэдакцыю Hrodna.life даслалі відэа на песню Віктара Цоя «Перамен». На беларускай мове яе выканалі выпускнікі адной з гродзенскіх школ. Яны расказалі, чаму вырашылі гэта зрабіць.Былыя школьнікі адзначаюць, што раней не цікавілася палітыкай, але апошнія падзеі ў краіне, звязаныя з прэзідэнцкай кампаніяй, прымусілі іх выказацца.
«Гэтым відэа мы хочам паказаць, што нам неабыякавая сітуацыя ў краіне. Мы — маладыя грамадзяне Беларусі і нам тут жыць. Мы хочам пераменаў і гэта нармальна. А ненармальна тое, калі прэзідэнт парушае канстытуцыю і кіруе краінай ужо 26 гадоў. Мы не кажам, што дрэнна жывем, але нам няма з чым параўноўваць і мы не ведаем, як жыць пры іншым прэзідэнце».
10 чэрвеня ў Мінску на выпускным гімназіст Уладзіслаў Рымашэўскі, выказаўся пра будучыя выбары. Зараз ён упэўнены, што з-за гэтага не зможа паступіць ва ўніверсітэт. Па гэтай прычыне грjдзенскія выпускнікі не называюць свае імёны.
«Сваё відэа мы сталі рыхтаваць яшчэ да выпускных. Песню спецыяльна выбралі - яна ва ўсіх асацыюецца з пераменамі. Так, дзесьці з перакладам на беларускую мову атрымаліся накладкі, але мы стараліся. І мы разумеем, што ў нас могуць быць праблемы з паступленнем з-за гэтага відэа і таму мы не называем сваіх імёнаў.
Кажуць, у Беларусі свабода слова. Маўчаць мы не можам. Мы не заклікаем народ выходзіць на пратэсты, мы праспявалі пра сітуацыю, якая адбываецца сёння ў краіне: правакацыі на пікетах і затрыманні. Мы ж усё бачым і гэта бесчалавечна. Мы хочам, каб у Беларусі будучага быў выбар. І яшчэ мы чакаем пераменаў у культуры і не жадаем, каб беларуская мова памірала".
HRODNA LIFE