«Мы хочам і можам даваць якасную сувязь у любы час. Нават па нядзелях». Работнікі сувязі запісалі відэазварот
2020-10-24 20:11
Работнікі галіны сувязі запісалі адкрыты відэазварот да ўладаў, у якім выступілі «супраць гвалту, беззаконьня і хлусьні» ў Беларусі.
«Наша прафэсія — аб’ядноўваць людзей. Мы, работнікі галіны сувязі, ня можам больш маўчаць. Мы супраць штодзённых затрыманьняў, пабіцьця, катаваньняў, забойстваў людзей за мірнае выказваньне сваёй думкі, колеры вопраткі ці сьцягу. Мы супраць гвалту над нашымі бацькамі-пэнсіянэрамі. Мы хочам бачыць, як яны гуляюць па горадзе, а ня тое, як людзі ў форма распыляюць ім газ у твар», — гаворыцца звароце.
Таксама работнікі сувязі ў звароце пратэстуюць супраць:
ціску на журналістаў, іх пакараньня і перасьледу за працу,
пазбаўленьня адвакатаў ліцэнзіі «з надуманых прычын»,
ціску на работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў за выказваньне імі сваёй думкі,
пагрозы забраць дзяцей у бацькоў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах.
«Як і большасьць грамадзян, мы хочам свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», — гаворыцца ў звароце. У ім работнікі сувязі згадваюць пра ціск і рэпрэсіі супраць спартоўцаў, шахтароў, актораў, якія пратэстуюць супраць дзейнай улады, пра вымушаных зьехаць за мяжу праз пагрозу арышту, і патрабуюць, каб «законы сапраўды працавалі і працавалі для ўсіх».
«Мы работнікі галіны сувязі. Мы хочам і можам даваць вам якасную, хуткую і ўстойлівую сувязь у любы час. Нават па нядзелях», — гавораць работнікі ў звароце, маючы на ўвазе рэгулярнае адключэньне мабільнай сувязі падчас нядзельных акцыяў пратэсту ў Менску пасьля выбараў.