Музыка, менеджар культурніцкіх праектаў Сяргей Доўгушаў: З пашырэннем беларускіх асяродкаў скарачаецца колькасць кантактаў беларусаў з палякамі
2023-07-27 21:57
У Беластоку 4 жніўня адкрыецца мастацкая выстава памяці Алеся Пушкіна.
Слухайце сюжэт у далучаным файле!
4 жніўня ў Беластоку адкрыецца выстава мастакоў, якую падрыхтавалі ўдзельнікі арт-рэзідэнцыі ў Беластоку. Арганізатар праекту «Дом творцаў» Сяргей Доўгушаў кажа, што выставу плануецца прысвяціць беларускаму Мастаку Алесю Пушкіну, які загінуў у турме ў Беларусі.
Цяпер распачаўся набор на тэатральную рэзідэнцыю ў Беластоку – прыём заявак да 5 жніўня. Удзельнічаць могуць акторы, людзі, датычныя да тэатру.
– Калі ў нас мастацкая рэзідэнцыя, гэта былі сустрэчы з мастакамі, майстар-класы. Для тэатральнай рэзідэнцыі прадугледжаныя рэпетыцыі з рэжысёрам, падрыхтоўка спектакля. Таксама ў нас ёсць рэабілітацыйны складнік, які прадугледжвае наведванне розных музеяў, адпачынак. Таксама ёсць «суткавыя», каб чалавек забяспечваў свае патрэбы на гэты час, — расказвае Сяргей Доўгушаў.
Праект «Дом творцаў», які першапачаткова меў задачу дапамагчы беларускім мастакам, артыстам, музыкам адаптавацца да эміграцыі, выехаць з Беларусі на нейкі час і адпачыць фізічна і маральна, пашыраецца.
– У нас новыя кірункі, напрыклад, з’явіўся спіс паслуг. У Доме ў Варшаве стала жывуць людзі, якія прапаноўваюць заняткі па спевах, запіс трэка, звядзенне і майстэрынг. Яшчэ я спрабую сабраць мужчынскую групу па спевах. На першы занятак прыйшло каля дваццаці чалавек. Хацеў бы працягваць традыцыю мужчынскага гучання. Пакуль не буду распавядаць, але ў перспектыве хацелася б развіць і працу з дзецьмі.
Выйшаў чарговы спеўнік «Бяседныя песні» – гэта зборнік песень, якія спявалі беларусы падчас розных сямейных урачыстасцяў. Гэта супольная праца з Настай Някрасавай, мы яго выдалі і хутка будуць прэзентацыі ў Польшчы і іншых краінах. А так асноўны клопат цяпер – гэта «дамы творцаў». Пакуль не буду казаць падрабязнасцяў, але хутка будзе музычная рэзідэнцыя ў Варшаве, а ў Беластоку – тэатральная.
Спадзяюся, выставу, якую мы цяпер рыхтуем у Беластоку, будзем паказваць і ў іншых гарадах, яе назва будзе «Рэпрэсаванае беларускае мастацтва», бо атрымаліся моцныя творы і хацелася б знаёміць і польскую публіку, і беларусаў з сучасным беларускім мастацтвам.
Мужчынскія спевы – у Беларусі перарваная народная традыцыя. Жанчыны ў асноўным спявалі каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, у мужчын быў свой рэпертуар: маладзецкія, касарскія, бяседныя, лірычныя, вайсковыя, жартоўныя песні.
– Думаю, калі пачаць гэта папулярызаваць, раскручваць гэты брэнд, то стане больш вядомай з’явай. Але, калі казаць пра традыцыю, то я на перарвалася. Цяпер можна прыехаць у вёску і пабачыць, як жанчыны спяваюць. Але на сёння карыфеі спеўнай мужчынскай традыцыі, якіх адкрыла Зінаіда Мажэйка, гэта Сцяпан Дубейка, Іван Прыбора, Васіль Швед – яны сышлі. Ёсць спадзяванне на маладыя калектывы, такія як гурт «Кудмень», гурт «Рада». Хацелася б гэта пашыраць, даносіць больш адукацыйнай інфармацыі. Калі гавораць пра мужчынскія спевы, то асацыятыў6на людзі згадваюць пра Грузію. Але мы выпускалі дыск, зборнік «Мужчынская традыцыя спеву», каб паказаць і даказаць, што ў нас таксама гэта ёсць.
На пытанне, як ён ацэньвае бурны рост беларускіх ініцыятыў у эміграцыі, Сяргей Доўгушаў заўважае, што ў Польшчы сапраўды лёгка нешта арганізаваць, стварыць. Але з пашырэннем беларускіх асяродкаў скарачаецца колькасць знешніх кантактаў беларусаў:
– Я бачу такі момант, што мы амаль не камунікуем з палякамі. У 2018 годзе я быў у Польшчы і мы шмат камунікавалі за палякамі, шукалі калабарацыі. Цяпер жа няма такой патрэбы: хочаш – ідзеш на такую пляцоўку, хочаш – на іншую. Можна знайсці ўвесь спектр беларускіх паслуг: беларускі аўтасэрвіс, беларускага доктара. Але, хаця і няма патрэбы ў гэтым, я адчуваю, што важна пазнаходзіць польскія пляцоўкі, дзе можна праводзіць канцэрты, фестывалі.
вх