МУС Беларусі падало ў суд пазоў, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкімі
2021-06-18 13:55
Міністэрства ўнутраных спраў просіць суд Цэнтральнага раёну Менску і Мінінфармацыі прызнаць экстрэмісцкай інфармацыйную прадукцыю Tut.by — самога партала, а таксама яго прадстаўніцтваў у сацсетках: Telegram, Viber, Twitter, TikTok, «ВКонтакте», «Одноклассниках», паведаміў Tut.by.
МУС просіць Міністэрства інфармацыі ўключыць матэрыялы парталу ў сьпіс экстрэмісцкіх і абмежаваць доступ да іх.
Калі гэта адбудзецца, пад пагрозай перасьледу апынецца мноства людзей, якія калі-небудзь дзяліліся публікацыямі Tut.by.
«Кожны зь мільёнаў нашых чытачоў будзе пастаўлены ў небясьпечнае становішча, калі хоць у які дзень па яго могуць прыйсьці і судзіць за тое, што дзяліўся ўпадабаным матэрыялам парталу», — зазначыла ў камэнтары каманда Tut.by.
Каманда Tut.by назвала дзеяньні ўладаў «спробай сьцерці гісторыю краіны, якую 20 гадоў пісалі журналісты Tut.by. А ўсё сказанае і напісанае парталам — абʼявіць незаконным для абмеркаваньня».
У Tut.by не разумеюць, як у выпадку прызнаньня матэрыялаў экстрэмісцкім будуць чысьціць ад шматлікіх перадрукаў сайты, стужкі, газэты, кнігі, сюжэты дзяржаўных тэлеканалаў. А сярод матэрыялаў Tut.by былі і інтэрвію з прадстаўнікамі ўлады, у тым ліку самім Лукашэнкам.
Суд аб прызнаньні прадукцыі Tut.by экстрэмісцкай пройдзе ў судзе Цэнтральнага раёну ўжо 24 чэрвеня.
Матэрыялы Tut.by прааналізавала Рэспубліканская экспэртная камісія.
Яна прыйшла да высновы, што «дзеяньні інфармацыйнага рэсурсу Tut.by у інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньні магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь у палітычнай, сацыяльнай, інфармацыйнай сфэрах і, значыцца, нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў заяве МУС.
Што экстрэмісцкага ўгледзела камісія
Лінгвістычныя прыкметы высьмейваньня і абразы, нэгатыўная ацэнка дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, асобных груп асобаў, вылучаных паводле прафэсійнай прыкметы.
Рэалізаваную стратэгію і тактыку дыскрэдытацыі Лукашэнкі, дзяржаўных дзеячаў, кіраўнікоў, групаў асоб і асобных людзей.
Супрацьстаўленьне пратэстоўцаў і дзейнай улады, сілавікоў, АМАПу, ЦВК, «праўладных» людзей.
Такім чынам Tut.by распальваў сацыяльную варожасьць, што ёсьць экстрэмізмам, лічаць у МУС.
У экспэртызе 77 старонак. Зь ёй азнаёмілі прадстаўнікоў парталу, але скапіяваць інфармацыю не далі.
Пра перасьлед Tut.by
18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
У справе затрыманыя агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
18 чэрвеня стала вядома, што МУС зьвярнулася ў суд, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкімі і заблякавалі ўсе люстэркі і акаўнты парталу ў сацсетках.